Беларускія трутні



Апошнім часам беларускія чыноўнікі не бачаць большай бяды ў краіне, як існаванне дармаедаў, якіх яны налічылі сто сорак тысяч. Прыдумваюцца і ўдасканальваюцца метады па “вытрасанні” з іх грошай. Але актывіст кампаніі “Гавары праўду” Валянцін Лазарэнкаў лічыць, што эфектыўней звярнуць увагу на трутняў:

– Калі ўзнялі пытанне дармаедаў, то варта ўзняць і пытанне трутняў, якія сядзяць сёння ў дзяржаўных структурах. І гэты апарат настолькі вялікі, што там гэтых трутняў па меншай меры ў 5-6 разоў больш за дармаедаў. Трэба ўзяцца за трутняў. Напрыклад, ідэалагічныя аддзелы – гэта таксама трутні, якія на сённяшні дзень нічога не ствараюць, але атрымліваюць грошы. Ды і не толькі грошы яны маюць.  

Да трутняў Лазарэнкаў адносіць і непамерна раздзьмутыя штаты сілавых структур.  Калі, паводле Лазарэнкава, у Швецыі 20 тысяч паліцэйскіх, то ў Беларусі – 140.  Скарачэнне трутняў у выглядзе ідэолагаў і іншых непатрэбных апаратчыкаў, а таксама сілавых структур прынясе нашмат больш сродкаў у бюджэт, чым змаганне з дармаедамі, колькасць якіх у прамове Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскай вобласці павялічылася ўжо да чатырохсот тысяч.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота vk.com