Беларускія ВНУ абвясцілі кошт навучання для першакурснікаў



Беларускія ВНУ абвясцілі кошт навучання для першакурснікаў на 2017/2018 навучальны год.

Для студэнтаў першага курса завочнага аддзялення, якія атрымліваюць першую вышэйшую адукацыю на платнай аснове, навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце вагаецца ад 627 да 989 рублёў. Год таму цэны былі вышэйшыя — ад 868 да 1.454 рублёў. Кошт навучання на дзённай форме для першакурснікаў пакуль не вызначаны. У 2016 годзе ён складаў ад 900 да 4.140 рублёў.

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт прапануе навучанне ад 2.429 да 2.797 рублёў за курс дзённага аддзялення і ад 953 да 1.000 рублёў за курс завочнага. Летась кошт складаў 2.208—2.543 рублі і 866—910 адпаведна.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі беларусы і прыраўнаваныя да іх грамадзяне павінны за першы курс заплаціць ад 820 да 2.750 рублёў (летась — ад 2.050 да 2.500 рублёў), завочнікі — ад 860 да 990 рублёў (у 2016 годзе — 890).

Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт абвясціў наступныя цэны для беларусаў: 2.016—2.200 рублёў за год (у 2016 годзе — ад 1.800 да 2.298); на завочным аддзяленні па спецыяльнасці „фармацыя” — 880 рублёў (786 летась).

Кошт навучання на дзённым аддзяленні ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусі складае 2.320 рублёў (2.100 у 2016 годзе), на завочным — 990 рублёў (раней 900).

У Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце кошт навучання на дзённай форме з мінулага года практычна не змяніўся — 2.210 рублёў, на завочнай — павышаны з 776 да 820 рублёў.

Першакурснікі-завочнікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка павінны будуць заплаціць за год ад 814 да 990 рублёў, студэнты дзённага аддзялення — ад 1.884 да 2.030 рублёў. У ВНУ кошт навучання аднаго студэнта-бюджэтніка дзённага аддзялення (першая ступень атрымання вышэйшай адукацыі) з тэрмінам падрыхтоўкі чатыры гады вызначаная на гэты момант у 10.678 рублёў, завочніка — ад 3.648 да 5.339 рублёў у залежнасці ад тэрміну падрыхтоўкі.

Кошт вучобы ў Менскім інавацыйным універсітэце з мінулага года не змяніўся і складае 1.280 долараў. Студэнты завочнай формы МІУ заплацяць 600 долараў у эквіваленце.

Інстытут сучасных ведаў імя Шырокава ўсталяваў на 2017/2018 навучальны год для беларускіх студэнтаў наступныя цэны: дзённае аддзяленне — ад 2.365 да 2.540 рублёў; завочнае — ад 1.065 да 1.300 рублёў.

Атрымаць адукацыю ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва можна за 1.920 рублёў у год на дзённай форме навучання, на завочнай — за 1.000 рублёў (1-шы курс спецыяльнасці „паліталогія”).

Практычна ўсе ВНУ даюць зніжку на навучанне паспяховым і актыўным студэнтам.

БелаПАН