Беларускія вучоныя распрацоўваюць метады ранняга выяўлення злаякасных клетак



Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацоўвае метады ранняга выяўлення злаякасных клетак у арганізме чалавека, паведаміў дырэктар інстытута Андрэй Ганчароў на прэс-канферэнцыі ў Менску 3 сакавіка.

Цяпер даследчыкі інстытута працуюць па трох асноўных кірунках у гэтай галіне. Два з іх датычацца непасрэдна распрацоўкі дыягностыкі злаякасных клетак двума метадамі. Першы з іх – выяўленне цыркулюючых пухлінных клетак (ЦПК). «Гэта клеткі, якія ў працэсе росту пухліны ад яе адрываюцца, цыркулююць з токам крыві, асядаюць ва ўнутраных органах і даюць рост метастазам. Выяўленне ў крыві такіх клетак можа дапамагчы дыягностыцы рэцыдываў хваробы», – расказаў навуковец.

Паводле яго слоў, ужо распрацавана інструкцыя, у якой выкладзены метад вызначэння цыркулюючых пухлінных клетак. «Яго цяпер можна прымяняць на практыцы, – адзначыў Ганчароў. – Аднак мы ідзем далей і выяўляем не толькі ЦПК, але і ракавыя ствалавыя клеткі. Гэта адна з разнавіднасцяў цыркулюючых пухлінных клетак, якая характарызуецца больш агрэсіўным патэнцыялам да росту. Даследаванне мы завяршаем у гэтым годзе і будзем спадзявацца, што да яго заканчэння ў нас будзе зацверджаная Міністэрствам аховы здароўя інструкцыя па прымяненні, якая дазволіць шырока ўкараніць гэты метад».

Другі метад заключаецца ў выкарыстанні для пошуку пухлінных клетак біячыпа, працягнуў навуковец. Цяпер біячып і прылада для счытвання інфармацыі знаходзяцца ў працэсе распрацоўкі. «Гэта невялікая пласцінка накшталт глюкометра, на якую наносіцца кропля крыві. Біячып устаўляецца ў прыбор, які счытвае вынік. Гэта тэхналогія распрацоўваецца пераважна для дыягностыкі гемабластозы – злаякасных захворванняў крыві», – сказаў Ганчароў.

Трэці кірунак працы вядзецца сумесна з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і датычыцца выяўлення спецыфічных мікра-РНК для дыягностыкі анкалагічных захворванняў. «Як вядома, мікра-РНК з’яўляюцца досыць спецыфічнымі для шэрагу захворванняў, такіх як рак малочнай залозы, рак падстраўнікавай залозы і гэтак далей. Зусім нядаўна карпарацыя Toshiba выпусціла партатыўны прыбор, які дазваляе дыягнаставаць 13 захворванняў на працягу некалькіх гадзін. Нешта падобнае да гэтага мы распрацоўваем у сябе ў Беларусі», – сказаў Ганчароў.

Акрамя дыягнастычных даследаванняў інстытут займаецца распрацоўкай метадаў клетачнай тэрапіі анкалагічных захворванняў, якія заснаваныя на выкарыстанні дэндрытных клетак і цытакін-індукаваных кілерных клетак, працягнуў дырэктар установы. «Што тычыцца дэндрытных клетак, то цяпер мы маем ужо трэці ў Беларусі вопыт лячэння з іх дапамогай анказахворванняў. Пачыналі з раку малочнай залозы, працягнулі ракам падстраўнікавай залозы. Дарэчы, гэта адбывалася на базе Менскага гарадскога клінічнага анкадыспансера. Цяпер праходзіць даследаванне, накіраванае на лячэнне рэцыдыўнага раку мачавога пузыра. Набраная група з 12 пацыентаў», – расказаў ён.

Вынікі лячэння раку малочнай і падстраўнікавай залозы былі досыць нядрэнныя, падкрэсліў навуковец. Таму метад укаранёны ў практыку аддзялення клетачнай тэрапіі, якое працуе пры Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі.

БелаПАН