Беларускія журналісты вучыліся быць талерантнымі



Шостая школа талерантнасці для беларускіх журналістаў адбылася 14-16 ліпеня 2017 году ва ўкраінскім Львове. За тры дні сустрэчы журналісты з розных рэгіёнаў Беларусі даведаліся пра мову варожасці, што такое правы чалавека і пра месца ўразлівых супольнасцяў ў гармадстве.

Пра школу распавядае адзін з арганізатараў, прадстаўнік ініцыятывы „Журналісты за талерантнасць” Алег Ражкоў:

– Гэта ўнікальны праект, бо доўжыцца на працягу 3-4 дзён. Пачынаем з самых базісных асноваў. Што такое канцэпцыя правоў чалавека? Як гэта працуе? Каб журналісты мелі ўсведамленне, чаму яны мусяць несці адказнасць за тое, што яны пішуць. Як яны могуць паўплываць на нашае грамадства? Як яны могуць змяніць адносіны беларусаў да той ці іншай сацыяльнай групы? І наколькі гэта важна – быць прафесіяналамі ў тым, што робяць журналісты?

Для незалежнай журналісткі з Барысава Анастасіі Баброўскай гэтая школа стала цікавым досведам.

– Я зразумела тыя рэчы, якія раней падаваліся мне вельмі складанымі. Менавіта пры дапамозе такіх інтэрактыўных рэчаў, цікавых і вельмі харызматычных спікераў, я знайшла адказы на вельмі разнастайныя пытанні. Напрыклад, для мяне былі не зразумелыя некаторыя гендэрныя пытанні. Таксама мова варожасці. І ўвогуле, правы чалавека настолькі складаная тэма, але нам вельмі падрабязна патлумачылі яе.

Сёлетнія сустрэчы беларускіх журналістаў у Львове стала ўжо шостай школай талеранцыі, і ў ёй апроч беларускіх трэнераў і журналістаў выкладалі журналісты з Канады і Велікабрытаніі.

Беларускае Радыё Рацыя