Беларусы Бостана турбуюцца пра бяспеку Астравецкай АЭС



У суботу 24 красавіка беларусы Бастона правялі акцыю памяці 35-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ўзнялі пытанне бяспекі Астравецкай АЭС перад сусветнай грамадскасцю.

Беларусы сабраліся каля Капітолія штата Масачусэтc і ўшанавалі хвілінай маўчання ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі. На фоне велізарнага трохметровага знака радыёактыўнасці пад трывожныя гукі лічыльніка Гейгера прадстаўнікі беларускай дыяспары ў рэспіратарах і абаронных касцюмах распавялі свае гісторыі трагедыі, перажытыя 35 гадоў таму:

«Вакол мяне не было ні воднага чалавека, які б не пацярпеў ад гэтай трагедыі – страцілі члена сям’і або знаёмага з-за вострай прамянёвай хваробы альбо хваробы звязанай з радыёактыўным забруджваннем. Але, напэўна, самае галоўнае: абсалютна ўсё жылі ў страху і няўпэўненасці – у наступныя месяцы, годы і дзесяцігоддзі»

Да беларусаў далучыліся прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары, каб выказаць сваю салідарнасць. Удзельнікі акцый нагадалі амерыканцам, што для радыёактыўных ападкаў няма межаў і наступствы такіх катастрофаў уплываюць на здароўе кожнага чалавека. Менавіта таму запуск Астравецкай АЭС ва ўмовах глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі і непразрыстасці пратаколаў бяспекі станцый, тычыцца ўсіх.

Гучалі заклікі ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі з мэтай правядзення свабодных і справядлівых выбараў і патрабавання міжнароднага кантролю за бяспекай Беларускай атамнай электрастанцыі.

Пасля прачытання эмацыянальных урыўкаў з твора Святланы Алексіевіч «Чарнабыльская малітва», удзельнікі акцый зладзілі свой „Чарнобыльскі Шлях” – марш да памятнага знака, усталяванага ўкраінскай дыяспарай на 5 гадавіну Чарнобыльскай катастрофы. Там жа прайшла вулічная выстава прац мастакоў і фатографаў на Чарнобыльскую тэматыку, дзе да кожнай працы была падабраная цытата з „Чарнобыльскай малітвы”.

Напрыканцы, удзельнікі акцыі прапанавалі ўсім наведвальнікам парка паўдзельнічаць у перформансе „Ліквідацыя”: любы мог зняць паветраны шарык з вялізнай інсталяцыі знака радыёактыўнасці і падумаць, як бы яны маглі дапамагчы ў ліквідацыі наступстваў ядзерных катастрофаў і прадухіленні такіх трагедый у будучыні.

З прэс-рэлізу бостанскіх беларусаў.