Беларусы пераядаюць бульбы



Нашая краіна застаецца лідарам па спажыванні бульбы сярод краін былога СССР, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску намесніца начальніка аддзелу спажывецкага рынку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Таццяна Краснюк.

– Па спажыванні бульбы на душу насельніцтва наша краіна займае першае месца сярод краін постсавецкай прасторы. Мы спажываем 171 кг бульбы на аднаго чалавека ў год. Другое месца займае Украіна – 140 кілаграм, Расея – 113. Што тычыцца гародніны, бахчавых і прадукатаў іх перапрацоўкі, тут мы на пятай пазіцыі – 146 кілаграмаў. Па спажыванні бульбы мы перавышаем рацыянальную норму, усталяваную Міністэрствам аховы здароўя амаль на 42 кілаграмы. Яна складае 129,1 кг на чалавека ў год.

Садавіны беларусы спажываюць, наадварот, менш – 90 кілаграмаў замест амаль 99-ці рэкамендаваных медыкамі.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя

© Фота з сайта oede.by