Беларусы просяць улады спрасціць дапамогу для змагання з COVID-19



У інтэрнэце апублікавалі петыцыю, каб прыбраць абмежаванні на прадастаўленне і выкарыстанне бязвыплатнай дапамогі, якая накіроўваецца ў тым ліку для барацьбы з COVID-19. У тэксце дакумента пазначана, што ў заканадаўстве Беларусі ўтрымліваецца шэраг норм, якія перашкаджваюць развіццю дабрачыннасці.

Адна з ініцыятараў звароту – Вольга Смалянка – прыводзіць у прыклад некаторыя такія нормы:

– Напрыклад, Указ №300 “Аб прадастаўленні і выкарыстанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі” рэгулюе тую дапамогу, якая атрымліваецца ўнутры краіны. На кожную грашовую дапамогу мусіць быць заключаная дамова бязвыплатнай спонсарскай дапамогі. Пры гэтым у дамове мусіць быць значаны пералік тавараў, работ і паслуг, якія будуць набытыя. Гэта звязана з вялікай колькасцю дакументаў, часу. Калі сродкі збіраюць фізічныя асобы, то, калі гэтыя актывісты збіраюць дапамогу ў памеры большай за 7 тысячаў 3 рублі, такая дапамога абкладаецца падаткам. Калі ж сродкі індывідуальнай абароны паступаюць з-за мяжы, ці ідуць сродкі з-за мяжы, то хутка гэтую дапамогу атрымаць немагчыма. Паколькі любая дапамога, якая паступае з-за мяжы, мусіць быць зарэгістраваная ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці.

Ініцыятары звароту – Цэнтр прававой трансфармацыі пры падтрымцы Асамблеі НДА Беларусі. Петыцыя будзе накірваная ў Адміністрацыю прэзідэнта, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, Савет Міністраў і Палату прадстаўнікоў.

Петыцыю можна падпісаць тут.

Беларускае Радыё Рацыя