Беларусы ў Астрожскай Акадэміі: пра «палітыку» – ані слова!



Нацыянальны універсітэт Астрожская Акадэмія, што месціцца ў мястэчку Астрог Ровенскай вобласці, лічыцца адным з найбольш прэстыжных ВНУ Украіны. «Кузня нацыянальнай эліты», «украінскі Гарвард» – такія вызначэнні сведчаць самі за сябе. А яшчэ Астрог – родавае гняздо князёў Астрожкіх, у тым ліку і Канстанціна Астрожскага, якога лічаць сваім нацыянальным героям і ўкраінцы, і беларусы.

Але ніякай беларускай прысутнасці ў Астрожскай Акадэміі няма.

Чаму ў 2014 годзе афіцыйны Менск згарнуў праграму абмену студэнтамі з Астрогам? Што можа прапанаваць Астрожская Акадэмія беларускім навучэнцам? Чым адрозніваецца ментальнасць беларускіх і ўкраінскіх студэнтаў?

2016-12-09_achromienka_studencki_abmen_astroh

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Пятром Карлюком, прарэктарам Нацыянальнага ўніверсітэта Астрожская Акадэмія.

 Пётр Карлюк: У нас была абменная праграма з Палескім Дзяржаўным універсітэтам. Пяць пінскіх студэнтаў навучаліся ў Астрожскай Акадэміі, пяць нашых – у Пінску. Праграма доўжылася адзін семестр, але, як па мне, была даволі цікавай. Нашы студэнты мелі магчымасць лепш пазнаёміцца з беларускімі рэаліямі, а беларускія – з нашымі. Але ў 2014 годзе гэтая праграма была згорнутая, і не з нашай віны. Ад праграмы адмовіўся беларускі бок, але мы спадзяемся, што нешта зменіцца да лепшага. Прынамсі, перамовы пра аднаўлення абмену студэнтамі вядуцца. Нам вельмі хочацца мець такія кантакты.

РР: А што можа прапанаваць Астрожская Акадэмія нашым студэнтам?

Пётр Карлюк: Калі гаварыць пра тую абменную праграму, якая ў нас была, то гэта быў абмен студэнтамі эканамічных факультэтаў. Студэнты-беларусы, якія былі ў нас, маглі пазнаёміцца з іншымі эканамічнымі мадэлямі – напрыклад, нашай, украінскай. А нашы студэнты маглі ацаніць беларускую эканамічную мадэль. Калі гаварыць пра Астрожскую акадэмію агулам, то мы – гуманітарная навучальная ўстанова. Калі хто з беларускіх гуманітарных ВНУ схоча зрабіць з намі абмен студэнтамі, мы можам прапанаваць і факультэт рамана-германскіх моў, які рыхтуе перакладчыкаў, і з факультэтам палітыка-інфармацыйнага менеджменту, дзе выкладаюцца паліталогія і псіхалогія. Магчыма, каму-небудзь з Беларусаў будзе цікавая культуралогія. Пра юрыдычныя дысцыпліны гаварыць не будзем, бо права ў Беларусі і права ва Украіне вельмі адрозніваюцца.

РР: Давялося гаварыць з выкладчыкам курсу паліталогіі вашай Акадэміі. Што яго моцна ўразіла ў студэнтах з Беларусі – маўляў, нейкія яны заціснутыя, баяцца расказваць пра беларускія рэаліі і ўвогуле размаўляць на палітычныя тэмы, і што ментальнасць беларусаў даволі адрозніваецца ад украінскай…

Пётр Карлюк: Насамрэч, беларусы і ўкраінцы вельмі блізкія народы, хаця розніца ў ментальнасці, безумоўна, ёсць. Тыя беларусы, якія засвойваліся ва ўкраінскіх рэаліях, вельмі хутка станавіліся разняволенымі. Іншая справа, што «на парах» ці падчас афіцыйных кантактаў яны вельмі баяліся дэманстраваць  тую разняволенасць, але пры непасрэдным кантакце яны гэта праяўлялі. І звычайна беларускія студэнты намагаліся не гаварыць на палітычныя тэмы, бо вы самі разумееце, для іх гэта ў нейкім сэнсе непажадана ці нават небяспечна.

РР: А чаму баяліся? Няўжо ў Астрожскай акадэміі ёсць куратар студэнтаў ад беларускага КДБ?

Пётр Карлюк: Не тое, што баяліся… Але, мажліва, іх землякі за імі сочаць і хто знае, як яны тыя словы потым інтэрпрэтуюць? Мне не хочацца драматызаваць сітуацыю. Але аднойчы мне давялося суправаджаць беларускіх студэнтаў адсюль да Пінска. Тут беларусы вельмі эмацыйна развітваліся з украінскімі студэнтамі: плакалі, абдымаліся… То бок, тыя поўгады, што яны правучыліся ў Астрожскай акадэміі, пакінула ў іх жыцці вялікі пазітыў. Але як толькі прыехалі ў Беларусь і зайшлі ў свой студэнцкі інтэрнат, то адразу неяк замкнуліся і заціснуліся…

РР: Беларусь для ўкраінцаў – неверагодна міфалагізаваная краіна. Як, зрэшты, і Украіна для беларусаў. Чым Астрожская канферэнцыя можна паспрыяць для разбурэння тых бязглуздых міфаў, акрамя абменаў студэнтамі?

Пётр Карлюк: Нам бы хацелася, як мінімум, ладзіць якія навуковыя канферэнцыі. Але, паўтаруся, пасля падзеяў, якія мы называем Рэвалюцыяй Годнасці, усе кантакты былі спыненыя. Калі гэтыя кантакты будуць адноўленыя – тады ўзаемных міфаў відавочна паменшае.

Пакуль першае месца ў праграмах беларускіх студэнцкіх абменаў займаюць расейскія ВНУ, на другім месцы — навучальныя ўстановы Еўразвязу. Украіна ў гэтых праграмах практычна не прадстаўленая.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя