Берасце: 13-ці чалавекам прысудзілі ад трох да пяці гадоў калоніі



Прысуд другой частцы абвінавачваемых па берасцейскіх „беспарадках” вынесены на Берасцейшчыне. Паседжанне адбылося ў Ленінскім судзе горада Берасця.

13 чалавекам прысудзілі ад трох да пяці гадоў калоніі, – распавяла валацёрка берасцейскага аддзялення праваабарончага цэнтру „Вясна” спадарыня Ганна:

– Колькі запрасілі пракуроры, столькі і прысудзіў суд – гэта, на жаль, чакана. У нас зараз у судах па палітычных справах практычна так і адбываецца. Так што ў гэтым плане было чакана. А ў цэлым, канешне, хацелася спадзявацца на справядлівасць. Такіх тэрмінаў людзі не заслугоўваюць. Але вось маем тое, што маем.

Таксама быў агучаны іск для задавальнення на агульную суму 24 тысячы рублёў. Гэтыя грошы пойдуць чыноўнікам, камунальным і транспартным службам.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце