Берасце: Пастаноў за чыстыя аркушы аспрэчыць не ўдалося



Берасцейскі абласны суд 25 траўня разгледзеў скаргі ўдзельнікаў флэш-мобу з чыстымі аркушамі паперы, які адбыўся ў абласным цэнтры 1 траўня.

Акцыя адбывалася каля кінатэатру «Беларусь”. Некалькі чалавек, якія трымалі чыстыя аркушы, затрымалі супрацоўнікі міліцыі. На другі дзень за парушэнне артыкула 23.34 КаАП штрафамі і суткамі былі пакараныя Інга Абрамава (230 рублёў), Уладзімер Казлоўскі (10 сутак), Аляксей Самайлюк (345 рублёў).

Па інфармацыі праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, сёння Аляксей Самайлюк патлумачыў суду, што даведаўшыся аб мерапрыемстве, прыйшоў і ўзяў чысты лісток паперы. Ён лічыць, што суд памылкова прызнаў яго вінаватым, бо арганізатарам ня з’яўляўся і мае права на мірны сход. Просіць адмяніць пастанову суда Ленінскага раёна.

Праваабаронца Уладзімір Малей, які прысутнічаў на судзе, падняў чысты аркуш паперы, і запытаўся ў суддзі: “Што я гэтым выказваю?” Суддзя Саўчук вырашае пакінуць скаргу без задавальнення, а пастанову – без зменаў.

Уладзімір Казлоўскі таксама патлумачыў, што ягоная віна не даказана, яго дзеянням была дадзеная няправільная ацэнка, а дакументы, складзеныя ў міліцыі – не з’яўляюцца дапушчальнымі доказамі. Міліцыя таксам сведчыла што ён нічога не прамаўляў і лозунгаў не выкрыкваў. Абласны суд не знайшоў падстаў, каб адмяніць ранейшы прысуд.

Не ўдалося аспрэчыць судовай пастановы і Інзе Абрамавай.

Вясна