Берасцейшчына развітваецца з Уладзімірам Харсюком



Берасцейшчына развітваецца з грамадскім дзеячам Уладзімірам Харсюком. Выхадзец з Маларыты пакінуў яскравы след у грамадска-культурным жыцці ўсёй Берасцейшчыны. Дапамагаў у станаўленні Беларускага Народнага Фронту, актыўна прадстаўляў Беларусь ва Украіне, спрыяў наладжванню сувязяў паміж Берасцейшчынай ды Валынню, за што атрымаў ордэн ад Віктара Юшчанкі.

У Маларыту з’ехаліся прадстаўнікі ўкраінскай дыпламатычнай місіі ды паплечнікі Уладзіміра Харсюка з усёй Берасцейшчыны. Намеснік старшыні ўкраінскага навукова-педагагічнага саюза „Берагіня” Віктар Місіюк адзначыў, што гэта вельмі адчувальная страта:

– Спадар Уладзімір Харсюк быў патрыётам, экспрэсіўным, эмацыйным, таленавітым, чалавекам, які словам і справай шмат каго ўражваў. На жаль яго прафесійная кар’ера з-за сямейных абставінаў, грамадска-палітычных умоваў у якіх ён жыў, яна не склалася і можна было б казаць, што ён сябе не знойдзе, але ён стаў адной з найбольш яскравых асобаў у грамадскім, палітычным руху.

Уладзімір Харсюк займаўся грамадскай дзейнасцю яшчэ ў савецкі час нягледзячы на пераслед. Працаваў акцёрам у Берасцейскім драматычным тэатры, але ціск улады перашкодзіў кар’еры. Займаўся разбярствам, адраджэннем страчаных мясцовых песняў ды мелодый.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце