Берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна адпусцілі з міліцыі



Блогера Сяргея Пятрухіна, затрыманага сёння пасля правядзення ў яго вобыску, каля 13.30 адпусцілі з Ленінскага РАУС Берасця.

 

Як паведаміў БелаПАН блогер, у міліцыі, куды яго прыкладна ў 12.00 павезлі ў наручніках, у яго ўзялі тлумачэнні, чаму ён 30 жніўня не адчыніў дзверы супрацоўнікам міліцыі.

„Нехта стукаў у дзверы, не называючыся. І я вырашыў не адчыняць, таму што нікога не чакаў. Дзесьці ў 8.30 супрацоўнікі АМАПа выбілі замок ва ўваходных дзвярах і праніклі ў кватэру. Мяне паклалі на падлогу. Пасля гэтага заявілі, што у кватэры будзе праведзены вобыск”, — расказаў Пятрухін.

Паводле слоў блогера, вобыск праводзіўся ў рамках распачатай у дачыненні да яго справы па ч. 2 арт. 188 і ч. 2 арт. 189 КК (паклёп у публічным выступленні альбо ў друкаваным творы; абраза ў публічным выступленні альбо ў друкаваным творы). У яго канфіскавалі камп’ютар, ноўтбук і тэлефон.

„За апошні час у мяне ўжо трэці раз канфіскоўваюць аргтэхніку”, — адзначыў Пятрухін.

На думку праваабаронцы Рамана Кісляка, вобыск з брутальнымі дзеяннямі АМАПа праведзены для запалохвання блогера, каб ён адмовіўся ад асвятлення актуальных сацыяльных праблем у рэгіёне.

Ён нагадаў, што раней мясцовых блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якія ў сваім youtube-праекце „Народны рэпарцёр” асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем, ужо неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку па арт. 23.34 КоАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства).

belapan.by