Наталляй Папковай зацікавіўся Следчы камітэт



Наталляй Папковай цікавіцца следчы камітэт. Пра гэта намесніца каардынатара Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК) па Берасцейскай вобласці паведаміла на сваёй facebook старонцы.

Падрабязней кажа сама Наталля:

— Да мяне прыйшоў міліцыянт. Сказаў, што ён са следчага камітэту і кажа, што ёсць нейкі чалавек, які цяпер сядзіць у турме за продаж наркотыкаў, і ён піша скаргі ды спасылаецца на мяне, што нешта магу ўдакладніць у яго справе. Я гэтага чалавека ніколі не бачыла і ніколі не ведала. Яны хочуць, каб я падпісала нейкія паперы. Я адмовілася іх падпісваць. Яны папрасілі, каб я прыйшла у Ленінскі РАУС, але павесткі мне не далі. 

Без адпаведнай позвы Наталля Папкова ісці ў Ленінскі РАУС горада Берасця не збіраецца і называе імя прадстаўніка следчага камітэту: Віталь Кісель. Здарэнне адбылося каля 10 гадзіны раніцы 22 снежня ў ейны дзень народзінаў. “Лічу што цікавасць звязаная з тым, каб “закрыць” Папкову на 15 “не адседжаных” раней сутак, за ўдзел у менскай акцыі пратэсту які ладзіў Мікола Статкевіч. Звычайна міліцыянты жадаюць зачыніць такія “вісякі” да сканчэння каляндарнага году”, — зазначае паплечнік Наталлі Папковай, берасцейскі грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце