Берасцейская вулічная фота-сесія ў гонар 27 ліпеня



Берасцейскія сацыял-дэмакраты чарговы раз зладзілі вулічную акцыю ў гонар 27 ліпеня. Гэтым разам яны на пешаходнай Савецкай правялі невялікі перфоманс-фотасесію ў вышыванках, з гербам “Пагоня” і партыйнымі сцягамі.

Акцыя не была санкцыянаванай і ў ёй удзельнічалі толькі партыйныя актывісты. Старшыня гарадской арганізацыі БСДП Грамада Ганна Канюс запэўніла, што ў будучыні яны папрацуюць над масавасцю падобных мерапрыемстваў:

– Я думаю, што гэта не пашкодзіць, і можа будзе наступны крок, таму што патрэбна зрабіць такую прапанову, пачуць, што адкажуць нам улады. Думаю, што будзе шанец пераламіць гэтую сітуацыю і ўлады пойдуць нам насустрач. Таксама будзем падключаць і грамадскасць да гэтага пытання.

27 ліпеня 1990 Вярхоўным Саветам БССР была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. 25 жніўня наступнага году яна атрымала канстытуцыйны статус і 19 верасня таго ж году была дапоўненая палажэннямі аб дзяржаўнай сімволіцы і назве.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.

Фота з фэйсбука Ганна Канюс