Берасцейскі абласны суд не стаў на бок баранавіцкіх актывістаў



Берасцейскі абласны суд не стаў на бок двух актывістаў з Баранавічаў. 15 снежня разлядалася справа Юрыя Казакевіча і Уладзіміра Гундара, якія спрабавалі абскардзіць ранейшы прысуд Баранавіцкага суда.

Прыгадаем, што абодвух актывістаў Руху “За Свабоду” сёлета 9 лістапада пакаралі штрафам па 25 базавых велічыняў кожнага за тое, што яны збіралі подпісы за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу культурнай каштоўнасці. Суд у Баранавічах палічыў гэта несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам.

«А сёння ў Берасці суддзя фактычна зачытаў загадзя падрыхтаванае рашэнне», – распавёў Юры Казакевіч:

Суддзя выслухоўваў нас няўважліва. Некаторых нашых выказванняў відавочна ён нават не чуў. Пасля ён прачытаў загадзя падрыхтаванае рашэнне, якое ляжала на стале, калі мы яшчэ толькі прыйшлі. І пасля гэтага суд быў завершаны, і нам засталося толькі сыходзіць.

Актывісты ў час суда зазначылі, што надалей не бачаць у сваіх дзеяннях парушэння заканадаўства, паколькі грамадзяне, згодна з Канстытуцыяй, маюць права на грамадзянскую актыўнасць.

Юры Казакевіч распавёў, што сама акцыя па зборы подпісаў, на яго думку, вельмі важная:

Мы вырашылі збіраць подпісы, таму што бел-чырвона-белы сцяг натуральна з’яўляецца каштоўнасцю нароўні з гербам “Пагоня”. Мы лічым, што нацыянальны сцяг, нават не з’яўляючыся дзяржаўным, заслугоўвае таго, каб быць у спісе культурных каштоўнасцяў нашага народу. Акрамя таго, мы бачым у гэтым спосаб абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, каб яны не бачылі сябе толькі прыдаткам расейскай імперыі, а адчувалі сябе як самастойную нацыю.

Баранавіцкія актывісты не выключаюць, што будуць абскарджваць сваё адміністрацыйнае пакаранне ў вышэйшых інстанцыях, але пакуль не прынялі канчатковага рашэння. Справу ў Берасцейскім абласным судзе разгледзелі ўсяго за 10 хвілін у невялікім пакоі.

Беларускае Радыё Рацыя