Берасцейскі абласны суд не задаволіў скаргу Руслана Гусейнава



Суддзя Берасцейскага абласнога суда Саўчук не задаволіў скаргу пінчука Руслана Гусейнава і рашэнне папярэдняй інстанцыі пакінуў у сіле.

Руслан дапамог збегчы з Пінска блогеру Максіму Філіповічу, які асвятляў акцыі «недармаедаў» 11 сакавіка. Пасля гэтага, пінчук быў пакараны 20-цю базавымі нібыта за ўдзел у той акцыі, хоць сам ён сцвярджае што на акцыі яго амаль і не было:

Нашы суды падуладныя рэжыму. Таму рэжыму, які цяпер існуе. Гэтае рашэнне мела быць адмененае, бо былі парушэнні працэсуальных дзеянняў. Яны павінны былі знайсці мяне, каб я прысутнічаў на судзе. А суд правялі без мяне і няма падстаў, што я недзе хаваўся, няма доказаў, што я недзе хаваўся. Асудзілі мяне і пацвердзілі цяпер сваю неадукаванасць.

Акрамя судовых разбіральніцтваў, на Руслана Гусейнава спрабуюць ціснуць праз Камісію па справах непаўналетніх. Ён мае дачку і зараз яе па рашэнні камісіі забралі ў інтэрнат. Пінчук звязвае гэты пераслед з акцыямі пратэстаў супраць Дэкрэта «аб дармаедстве», якія прайшлі ў краіне і ягоным родным горадзе ўвесну.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце