Берасцейскі краязнаўца за рэпосты аштрафаваны на 580 рублёў



Адміністрацыйная справа разглядалася ў судзе Маскоўскага раёна Берасця ў адносінах да Ігара Бараноўскага, якога судзілі за рэпосты з „экстрэмісцкіх рэсурсаў”. Падрабязней пра гэта паведамляе сам краязнаўца.

– Атрымалася, што штраф ад 10 да 20 базавых, суддзя выдаў па-максімуму. Галоўнае, што не суткі, таму што праблемы са здароўем – для мяне гэта важна захаваць здароўе. Грошы праблемна, але трэба будзе думаць як сплаціць на працягу месяца. Я звярнуў увагу суддзі, што рашэнне суда ў Гомелі аб прызнанні „Белсата” экстрэмісцкім было прынята пад канец рабочага дня 27 ліпеня, а ў гэты дзень у мяне два рэпосты і адзін рэпост адназначна не можа трапляць, але яго хіба гэта цікавіць? і другі рэпост відэа, дзе як раз гаварылася, што „Белсат” прызнаны экстрэмісцкім, я яму патлумачыў, што маёй мэтай быў не распаўсюд, а папярэджанне, што „Белсат” прызнаны экстрэмісцкім і што будзе адказнасць, калі на наступны дзень хтосьці будзе рэпосціць.

Ігар Бараноўскі знаны ў Берасці краязнаўца і выпускны рэдактар грэка-каталіцкай газеты «Царква». Напрыканцы мінулага году ўжо спазнаў пераслед за ўдзел у грамадска-палітычных падзеях. Тады яму прысудзілі 30 сутак арышту, у тым ліку за тое што ён быў расцэнены як удзельнік «несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў».

Беларускае Радыё Рацыя