Берасцейскі манетны двор можа ўзнавіць сваю працу



У Берасці цягам трох гадоў адбіваюць “барацінкі” – манеты з гербам “Пагоня”. Пра гэта паведаміў рэканструктар і аніматар Ігар Міхальчук у час музейнага вечара “Грашовы абарот Берасцейскай зямлі ў XIV-XVIII стагоддзях”, які праходзіў у мясцовым краязнаўчым музеі:

– Хутка Берасце будзе адзначаць тысячагоддзе. І ў сувязі з гэтым узнікла ідэя ўзнавіць Берасцейскі манетны двор з мэтай неяк да гэтай падзеі падрыхтавацца, запрасіць турыстаў у дазволеныя месцы гарвыканкамам.

Барацінка – назва медных солідаў (шэлягаў) Рэчы Паспалітай, якія адбівалі ў 1659-1668 гадах, у тым ліку і ў Берасці. Мянушку “барацінка” манета атрымала ў гонар кіраўніка кракаўскай мынцы Ціта Лівіюша Бараціні – аўтара прапановы адбіцця гэтай дробнай манеты.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара