Берасцейскім чыгуначнікам пагоршылі ўмовы і аплату працы



Берасцейскае аддзяленне Беларускай чыгункі стараецца выжываць за кошт пагаршэння ўмоў працы і паніжэння заробкаў сваім работнікам. Пра што паведаміў і пацвердзіў дакументальна слесар па рамонце рухомага саставу Берасцейскага аддзялення Беларускай чыгункі «Брэст-Цэнтральны 2» Рыгор Лук’янчук.

Складзены новы графік працы не дае магчымасці частцы работнікаў ўзнавіць сілы для чарговай змены і пры гэтым яны на кожнай начной змене страчваюць 5 % у параўнанні з тымі, хто выконвае такую ж працу па старым графіку, кажа Рыгор Лук’янчук:

Стары графік быў дзень-ноч, а новы: ноч адпрацавалі з 20 да 8, дзень прайшоў і мы зноў на ноч заступаем. Пасля гэтых 2 начэй адпачынак толькі 1,5 сутак і зноў 2 ночы. Трэба, каб адпачынак быў як працуем пазменна: ноч адпрацаваў — 1,5 сутак дома. Аплачваецца як сторажам: на 5% менш аплаты начных.

Паводле Рыгора Лук’янчука, новы графік вымотвае сілы і стварае неспрыяльны клімат у сям’і. Але і гэта яшчэ не ўсё, кажа Лук’янчук:

Каб абслугоўваць вагоны: перастаноўку колавых пар, працуюць толькі два слесары, а раней працавала 3-4 чалавекі. У вагонным участку невядома што робіцца: рабочыя працуюць па 12 гадзін у змену, а пішуць толькі 10, плюс прымушаюць пісаць за свой кошт.

Па словах Рыгора Лук’янчука, непасрэдныя начальнікі ва ўсіх бедах пры размове з рабочымі абвінавачваюць менавіта Рыгора Лук’янчука. За тое, што ён шукае справядлівасці і выносіць «смецце з хаты».

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце