Берасцейскія ІП збіраюцца ехаць на менскі мітынг
Прыняць удзел у менскім мітынгу, які плануецца на 14 сакавіка, вырашыла частка берасцейскіх прадпрымальнікаў. Такое рашэнне бізнэсоўцы прынялі на чарговым сходе на рынку ЦУМ у Берасці. Яны лічуць, што гэта іх апошні шанец заявіць пра свае правы. З прыкладна ста чалавек, што ўдзельнічалі ў сустрэчы, амаль палова падняла рукі за тое, каб ехаць у беларускую сталіцу. Прадпрымальнікі распавялі пра тое, ці збіраюцца яны прымаць удзел у масавых мерапрыемствах і на якіх умовах:
– Едзем – іншага выйсця ў нас няма, толькі ехаць і змагацца за сябе.
– Трэба каб была масаваць, трэба паказаць, што мы разам, што нас многа. Не ўсе прадпрымальнікі яшчэ выйшлі на працу.
– Я салідарная са ўсімі сваімі калегамі. Як усе, так і я буду паступаць.
– У мяне проста іншыя праблемы. Я не магу ехаць.
– Я лічу, што трэба ехаць. Таму што трэба паказаць, што мы ёсць, што нас многа, якія не могуць працаваць у рамках 22-га і 48-га загадаў.
Гэта не першы сход прадпрымальнікаў на рынку ЦУМ у Берасці. Цягам папярэдніх сустрэч ужо былі прынятыя рашэнні аб падачы заявак на правядзенне пікетаў у горадзе над Бугам, аднак усе яны былі забароненыя гарадскімі ўладамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
