Берасцейскія сацдэкі правялі фінальны пікет



Сябры Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” правялі 17-га лютага фінальны перадвыбарчы пікет.

Мерапрыемства праходзіла на пешаходнай вуліцы Савецкай, што ў самым цэнтры горада, дзе збіралі подпісы супраць будаўніцтва акамулятарнага завода.

Кажа гараджанка, якая пакінула свой подпіс:

– Не хачу, каб будавалі завод. Выкіды нейкіх рэчываў у навакольнае асяроддзе.

Кандыдат у дэпутаты Берасцейскага гарадскога савета Ігар Маслоўскі:

– Мы ўзялі перадвыбарчыя ўлёткі, якіх у нас засталося не вельмі шмат, сцягі. Заклікаем жыхароў падтрымаць на выбарах. Збіраем подпісы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў свабоднай эканамічнай зоне. Гэта адзін з нашых перадвыбарчых пунктаў.

Сярод зборшчыкаў подпісаў былі чацвёра кандыдатаў у дэпутаты ад БСДП “Грамада” – Ігар Маслоўскі, Ганна Канюс, Сяргей Мазан і Валянцін Лазарэнкаў.

Партыйцы таксама вялі відэатрансляцыю у Фэйсбук. Перашкодаў з боку супрацоўнікаў міліцыі не было.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце