Берасцейскія сацдэкі збіраюць подпісы за ўпарадкаванне «Усходу»



Берасцейскія сацыял-дэмакраты пачалі збор подпісаў за ўключэнне ў планы па добраўпарадкаванні тэрыторыі берасцейскага мікрараёна “Усход”. Пра гэта яны паведамілі на сваёй старонцы ў livejournal. Асаблівую ўвагу яны звяртаюць на кепскі стан дарожнага пакрыцця ў выглядзе ямін і няроўнасцяў на праездах па вуліцах Арлоўская і Гаўрылава, якія стаялі на ўліку ў гарвыканкаме як «нячыйныя». “Шанцы дамагчыся рамонту ёсць”, – лічыць кіраўнік абласной арганізацыі БСДП “Грамада” Ігар Маслоўскі:

Тут ёсць безумоўна пераменны поспех і скажу адразу, што з першага разу нам яшчэ не ўдавалася вырашыць тую ці іншую праблему ані разу. Першы раз звычайна прыходзіць нейкая адпіска: ці то грошай няма, ці то на некалькіх старонках расказваюць, якая цяжкая сітуацыя ў краіне. Тым не менш, калі мы накіроўваем калектыўныя звароты ўжо подпісамі грамадзян, мы маем пэўны поспех.

Збор подпісаў праводзіцца ў межах кампаніі “Права выбару”. Дапамагчы ў зборы можа кожны жадаючы звярнуўшыся на офіс БСДП “Грамада”, які знаходзіцца па адрасе вуліца 17 верасня 22-24. Таксама інфармацыю можна атрымаць па нумарах: мабільным 6993477 і гарадскім 220603; альбо праз электронны адрас: [email protected].

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце