Берасцейскія сябры АГП сабралі тысячу подпісаў супраць дэкрэту №3



Тысячу подпісаў пад зваротам супраць дэкрэту пра дармаедства сабралі сябры берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Актывісты ладзілі інфармацыйную кампанію ў такіх гарадах як Берасце, Баранавічы, Бяроза, Пінск, Кобрын і Берасцейскі раён.

Адзін з удзельнікаў збору подпісаў, сябра АГП Юрый Шаламіцкі падкрэсліў, што з кожным днём расце колькасць незадаволеных грамадзян:

– Тысяча – гэта ўжо лічба. Многія яшчэ не ведаюць, дзе паставіць свой подпіс. Таму такіх незадаволеных не адна тысяча. Таму мы і на вуліцы, таму мы і з людзьмі, таму мы і гаворым, калі вы не згодныя, то вы можаце зараз паставіць подпіс. І я практычна ўпэўнены, што гэтая тысяча заўтра вырасце ў дзве тысячы.

Юры Шаламіцкі ўпэўнены, што колькасць людзей, якая хацела б пакінуць подпіс пад зваротам, у дзясяткі разоў перавышае магчымасці арганізацыі іх ахапіць. Таму актывіст заклікае людзей самастойна гуртавацца, браць падпісныя лісты і выходзіць з імі да іншых людзей.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце