Берасцейскія улады адмовіліся надрукаваць план выдаткаў і мерапрыемстваў да 1000-годдзя горада



Падрабязны план выдаткаў і мерапрыемстваў да 1000-гадовага юбілею Берасця адмовіліся апублікаваць мясцовыя ўлады. Такі адказ атрымалі прадстаўнікі арганізацыі „За свой горад”.

Гэта парушае артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, – звярнуў увагу лідар структуры Ігар Маслоўскі:

– Мы прасілі канкрэтна апублікаваць у сродках масавай інфармацыі і на сайце Берасцейскага абласнога ці гарадскога выканаўчага камітэта падрабязны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы святкавання 1000-годдзя, на якія будуць выдаткаваны крэдыт у 20 мільёнаў беларускіх рублёў, а таксама пералік падрадных арганізацый па выкананні плана гэтых мерапрыемствах да святкавання 1000-годдзя.

„У лісце проста тлумачыцца, што гэтыя грошы будуць выдаткаваныя на інвестыцыйную праграму Берасцейскай вобласці ў 2018 годзе,” – дадаў Ігар Маслоўскі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце