Берасцейскія ўлады забаранілі яшчэ два мітынгі супраць будаўніцтва завода



Берасцейскі гарвыканкам забараніў правядзенне 6 студзеня двух мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны планаваліся на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначаная мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Як паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў акцый праваабаронца Раман Кісляк, мітынгі не дазволеныя, бо ў гэты дзень там будзе праводзіцца запланаваная раней гульнявая забаўляльная праграма для дзяцей „Навагоднія калядкі пад Раство”.

„На заяўленыя акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода мы працягваем атрымліваць адмовы. Навагодняга цуду ў гэтым пытанні не здарылася”, — сказаў праваабаронца.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 40 мітынгаў, 12 пікетаў і пяці дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які сабралася прыблізна дзве тысячы чалавек.

Праціўнікі будаўніцтва збіраюцца з 25 лютага кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў замоўцаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён. Несумненна, лічыць Румас, такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і рашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць добрую заработную плату”, — заявіў ён.

15 снежня першая намесніца міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна падчас прамой лініі паведаміла брэсцкаму актывісту Дзям’яну Лепясевічу, што праектная дакументацыя акумулятарнага завода адкліканая праекціроўшчыкам з паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Паводле яе слоў, пасля прапрацоўкі дакументацыі яна зноў будзе пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

21 снежня ў Берасцейскі райвыканкам была пададзеная заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага завода.