Берасцейскія ўлады замарозілі пабрацімскія адносіны з нідэрландскім горадам



Берасцейскія ўлады замарозілі пабрацімскія адносіны з нідэрландскім горадам. Такое рашэнне прынятае на сесіі гарадскога савета дэпутатаў. Пра гэта паведаміў у сябе ў Тэлеграме старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук, піша «Брэсцкая газета».

«Упершыню ідзем на такі вымушаны крок. У рамках пабрацімскіх адносін з Кувардэнам, якія былі ўсталяваныя ў 2000 годзе, закладзена нямала добрых ініцыятыў. На жаль, апошнія паўтара года кіраўніцтва горада-пабраціма спрабавала выйсці за рамкі дзеючага двухбаковага пагаднення, распачаўшы шэраг недружалюбных крокаў, уключаючы «замарозку партнёрскіх адносін з афіцыйным Берасцем». У выніку —  на сесіі гарадскога савета дэпутатаў прынятае адказнае рашэнне. У найбліжэйшы час накіруем апавяшчэнне на адрас уладаў Кувардэна пра «замарозку» нашых адносін», — паведамляе тэлеграм-канал Рагачука.

Раней кіраўнік нідэрландскага Кувардэна Берт Баўмейстэр адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі адправіў Аляксандру Рагачуку ліст з просьбай садзейнічаць дэмакратычным зменам і не адказваць на мірны пратэст сілай.