Берасцейцы хочуць правесці рэферэндум аб забароне будаўніцтва завода АКБ



У Берасцейскі райвыканкам 21 снежня пададзеная заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага завода.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, да заявы прыкладзены спіс удзельнікаў сходу, на якім абмяркоўвалася пытанне аб рэферэндуме, пратакол сходу, спіс членаў ініцыятыўнай групы.

Паводле слоў праваабаронцы, сход жыхароў Брэсцкага раёна па пытанні правядзення мясцовага рэферэндуму адбыўся 16 снежня. Падчас яго была створаная ініцыятыўная група з 32 чалавек і прынятае рашэнне вынесці на рэферэндум пытанне: „Забараніць любую дзейнасць, звязаную з будаўніцтвам і эксплуатацыяй завода па вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй, на тэрыторыі раёна?”

Кісляк удакладніў, што пасля падачы заявы ў райвыканкама будзе 30 дзён для выдачы пасведчання аб рэгістрацыі, узору падпіснога ліста, а таксама адпаведных пасведчанняў членаў ініцыятыўнай групы. Пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў яе будзе два месяцы для збору подпісаў. Для ініцыявання рэферэндуму неабходна сабраць подпісы не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і жывуць на тэрыторыі раёна.

„Грамадзяне маюць права на непасрэдны ўдзел у вядзенні дзяржаўных спраў. Рэферэндум — адна з самых дэмакратычных форм такога ўдзелу, — падкрэсліў праваабаронца. — Да гэтага часу ў Беларусі мясцовыя рэферэндумы не праводзіліся”.

Ён адзначыў, што грамадская кампанія супраць завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 36 мітынгаў, 12 пікетаў і пяці дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася прыблізна дзве тысячы чалавек.

Праціўнікі будаўніцтва з 25 лютага кожную нядзелю збіраюцца на плошчы Леніна ў Брэсце.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў замоўцаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён. Несумненна, лічыць Румас, такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і вырашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць добрую заработную плату”, — заявіў ён.

15 снежня першая намесніца міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна падчас прамой лініі паведаміла брэсцкаму актывісту Дзям’яну Лепясевічу, што праектная дакументацыя акумулятарнага завода адкліканая праекціроўшчыкам з паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Паводле яе слоў, пасля прапрацоўкі дакументацыі яна зноў будзе пададзеная на экспертызу.

belapan.by

[manual_related_posts]