Берасцейцы хочуць правесці рэферэндум адносна пабудовы завода



Жыхары Берасцейскага раёна маюць намер ініцыяваць мясцовы рэферэндум аб забароне будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, цяпер ідзе фарміраванне ініцыятыўнай групы з ліку жыхароў раёна, якія валодаюць выбарчым правам. У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам у такую групу павінна ўвайсці не менш за 20 грамадзян.

На рэферэндум мяркуецца вынесці пытанне аб забароне любой дзейнасці, звязанай з будаўніцтвам і эксплуатацыяй завода па вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй на тэрыторыі Берасцейскага раёна.

Кісляк адзначыў, што пасля фарміравання ініцыятыўная група правядзе агульны сход, а затым накіруе ў Берасцейскі райвыканкам заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы і пытання, якое прапаноўваецца на рэферэндум.

Пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў яе будзе два месяцы для збору подпісаў. Для ініцыявання рэферэндуму неабходна сабраць подпісы не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на тэрыторыі раёна.

„Жыхары рэгіёну правядзеннем рэферэндуму маюць намер стварыць прававую падставу для забароны гэтага шкоднага для іх прадпрыемства, — заявіў Кісляк. — Грамадзяне маюць права на непасрэдны ўдзел у вядзенні дзяржаўных спраў, у тым ліку шляхам прыняцця рашэнняў на рэферэндуме па найважнейшых пытаннях дзяржаўнага і грамадскага жыцця”.

Як удакладніў праваабаронца, да гэтага часу ў Беларусі мясцовыя рэферэндумы не праводзіліся.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць узвядзення завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. Паводле дадзеных Кісляка, за гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 29 мітынгаў, 12 пікетаў і трох дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу” на ўскраіне горада, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў заказчыкаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён. Несумненна, лічыць Румас, такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і вырашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць дастойную заработную плату”, — заявіў ён.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці збіраюцца праціўнікі будаўніцтва завода.

belapan.by