Берасцейцы падпісваюцца супраць „дэкрэта аб дармаедах”



Больша за дзьве сотні подпісаў сабралі актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі супраць Дэкрэта №3. Мерапрыемства па зборы праходзіла цягам дзьвюх гадзінаў напачатку ля ўвахода на Берасцейскі рынак, а пасля ля кінатэатра “Беларусь”.

Кажа адзін з ініцыятараў, актывіст АГП Мікалай Чарнавус, які прыехаў падтрымаць берасцейскіх зборшчыкаў подпісаў:

– Я хачу звярнуцца да жыхароў Рэспублікі Беларусь, да свядомых грамадзян. Ніхто нічога за вас не будзе рабіць, пакуль вы самі не выйдзеце з кухні на вуліцу. Трэбы выходзіць, трэба аб’ядноўвацца і змагацца разам.

РР: Чаму вы падпісаліся супраць “дэкрэта аб дармаедах”?

Берасцеец: Таму што я хачу жыць у нармальнай краіне.  

Большасць людзей, да якіх звярталіся па подпіс актывісты, даволі ахвотна падпісваліся пад ініцыятывай па адмене Дэкрэта №3 аб гэтак званым “дармаедстве”. Што праўда, былі і тыя, хто выступіў супраць падобнай ініцыятывы. Так, невядомая берасцейка паведаміла, што Дэкрэт №3 цалкам яе задавальняе:

– Мне падабаецца гэты закон. Пенсіянеры атрымалі пенсію, яны павінны сядзець дома. Маладыя спецыялісты прыходзяць – яны мусяць працаваць. Гэта самы лепшы закон. 

РР: А ці ведаеце вы, што ў Беларусі кожны год 130 тысяч чалавек губляюць працу?

Берасцейка: Я не ведаю і ведаць гэтага не хачу. Я падтрымліваю гэты закон.

Вядома, што збор подпісаў пад ініцыятывай аб адмене Дэкрэта №3 актывісты збіраюць па ўсёй краіне. Пасля гэтага, яны плануюць перадаць іх вышэйшаму кіраўніцтву Беларусі ў тым ліку і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Перашкодаў з боку супрацоўнікаў міліцыі Берасця да актывістаў не было, апроч дыскусіі з кіраўніцтвам Берасцейскага рынка аб атрыманні дазвола на збор. “Пад зваротам да прэзідэнта атрымліваць нейкі дазвол ня трэба”, – заявіў Мікалай Чарнавус.

 

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара