Берасцейцы скардзяцца на холад у кватэрах
Ад 16 да 20 градусаў цэльсія – такая тэмпература ў памяшканнях апытаных на цэнтральных вуліцах берасцейцаў. Толькі ў сярэдзіне тыдня цяпло пачало паступаць у шматпавярховікі. Камунальныя службы абяцалі, што яшчэ да 8 кастрычніка ў кватэрах з’явіцца ацяпленне. Афіцыйных тлумачэнняў, чаму так адбылося, улады не даюць.
– Уключаць цяпло трэба было раней. А зараз пацяплела. Кожны год атрымліваецца, што мы трываем, трываем халады, камунальнікі нарэшце ўключаюць цяпло, але робіцца цяплей на вуліцы, яны зноў адключаюць і зноў надоўга.
– Уключалі і зноў адключылі. Не тлумачылі. Цёпла стала на вуліцы.
– Я ім гавару, што ў мяне халодна. Запаветраны батарэі. Сказалі, можа прыйдуць у пятніцу. А ў кватэры 16 градусаў.
Берасцейцы звяртаюць увагу, што камунальныя службы не спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Нерэгулярна прыбіраюцца пад’езды і прыдваравыя тэрыторыі, не заўсёды своечасова вывозіцца смецце.
Беларускае Радыё Рацыя