Берасцейцы зноў сабраліся на плошчы



Берасцейцы чарговы раз выйшлі на плошчу Леніна, каб „пакарміць галубоў” у знак пратэсту супраць будаўніцтва завода акумулятарных батарэй.

„Ужо дзевяць месяцаў не беспаспяхова ідзе супрацьстаянне праціўнікаў будоўлі з кампаніяй „АйПаўэр” ды мясцовымі ўладамі”, – лічыць актывіст Дзмітрый Бекалюк:

– За дзевяць месяцаў вывезена больш дзевяці тысяч адходаў Зялёнага Бора. За гэты час звольнены чалавек, які падпісаў экалагічную экспертызу. Прызнана, што на дадзеным прадпрыемстве будзе небяспечны працэс – ліцейная вытворчасць. Прызнана, што завод ужо па праектных дадзеных не пяты клас небяспечнасці – самы бяспечны, а як мінімум трэці. На пачатак студзеня ведалі толькі прыгарады пра тое, што будуецца завод, а цяпер ведае ўсё Берасце, і не толькі Берасце, але і сталіца таксама. Гэта самае галоўнае за дзевяць месяцаў.

Гэтым разам на штонядзельнай акцыі сабралося каля сарака чалавек. Акрамя падсумавання дзейнасці, яны таксама абмеркавалі і зварот да вядомых суайчыннікаў з „крыкам аб дапамозе”, каб звярнуць увагу да сітуацыі з заводам:

– Я лічу, што ўсе лісты, якія напісаны ў апошні час нашым суайчыннікам, яны павінны адыграць сваю ролю. Нягледзячы на тое, што людзі жывуць далёка, Радзіма іх тут, таму яны не могуць быць абыякавымі.

Прысутнасці сілавікоў на акцыі не назіралася.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце