Берыя Сталіну пра барацьбу з антысавецкім элементам



У той момант, калі Чырвоная Армія ўжо заняла Балгарыю, Румынію, вяла баі з нацыстамі ў Югаславіі і Чэхаславакіі ды рыхтавалася да фарсіравання Віслы, на беларускім Палессі разгарнуўся сапраўдны фронт барацьбы з антысавецкай партызанкай. З восені 1944 года пачынаецца сапраўдная вайна.

17 верасня 1944 года камандзір спецгрупы Народнага Камісарыята Дзяржаўнай Бяспекі БССР «Барцы» лейтэнант Цімафееў паведамляў камісару дзяржбяспекі Цанаве, што толькі ў Дзвінскім раёне тагачаснай Берасцейскай вобласці антысавецкі ўзброены супраціў налічвае прыблізна 5 тысяч чалавек. Надзвычай неспрыяльнымі для ўсталявання савецкай улады і партыйных арганізацый называліся раёны Лагішынскі, Ганцавіцкі, Столінскі і Давід-Гарадоцкі ў Пінскай вобласці, а таксама Дзівінскі, Маларыцкі, Кобрынскі, Антопальскі, Бярозаўскі раёны Берасцейскай вобласці. Чэкісты на гэтых тэрыторыях даводзілі ў Менск і Маскву агульную колькасць антысавецкай партызанкі ў 12-15 тысяч байцоў. Акрамя таго назіралася падтрымка з боку мясцовых. Так напрыклад 25 верасня 1944 года Дзвінскі раён замест 880 тон хлеба здаў дзяржаве 180 тон. А ў шэрагу новаўтвораных калгасаў Пінскай вобласці сяляне павыводзілі дадому жывёл і вывезлі нарыхтаванае збожжа.

Толькі за верасень-кастрычнік 1944 года ва ўзгаданых раёнах зафіксавана звыш 100 узброеных сутычак паміж падпольшчыкамі і саветамі, каля 230 паспяхова здзейсненых акцый супраць савецка-партыйных устаноў ды збегла ў лясы каля 3 тысяч прызыўнікоў. Паўсюдна і масава знікалі партыйна-камсамольскія актывісты, савецкія функцыянеры. Некаторых знаходзілі забітымі ў лесе ды балоце, але лёс большай часткі застаўся невядомым. З нагоды гадавіны наступальнай аперацыі «Баграціён» Беларускае Радыё Рацыя ўжо падрыхтавала два матэрыялы пра сітуацыю на Берасцейшчыне «Барацьба з саветамі на Палессі ўлетку 1944 года» і «Нацыяналісты лютуюць. Падзеі 75-гадовай даўніны». Цяпер разглядаем восень 1944 года і засяродзім увагу на дакладзе Берыі.

14 кастрычніка 1944 года нарком унутраных спраў СССР паведамляў Сталіну, Молатаву і Малінкову пра вынікі працы па ліквідацыі нацыяналістычнага падполля ў заходніх абласцях УССР, ЛітССР і БССР. З гэтага дакумента нас цікавіць інфармацыя па Беларусі. Берыя даводзіў што ад канца ліпеня і да сярэдзіны кастрычніка ў Берасцейскай, Баранавіцкай і Пінскай вобласці забіта 444 удзельніка нацыяналістычных груповак, 927 узята ў палон. Таксама выяўлена 9670 асобаў антысавецкіх поглядаў і дэзерціраў. Мясцовае насельніцтва знаходзіцца пад уплывам украінскіх і польскіх нацыяналістычных арганізацый, як Армія Краёва і Украінская паўстанцкая армія (УПА). Берыя запэўніваў кіраўнікоў СССР у тым, што па стане на кастрычнік сітуацыя ў рэгіёнах значна палепшылася, чым адразу пасля прыходу Чарвонай Арміі ў ліпені 1944 года. Адным з эфектыўных метадаў барацьба Берыя называе ня толькі змаганне з канкрэтнымі падпольшчыкамі, але і рэпрэсіі ў дачыненні да сем’яў удзельнікаў партызанкі. Высылка сваякоў у Сібір змусіла некаторую частку скласці зброю. Таму гэтую практыку наркам унутраных спраў абяцаў павялічыць.

Сярод іншых метадаў задушэння антысавецкага руху на заходніх тэрыторыях Беларусі Берыя прапанаваў: перакідваць з усходніх рэгіёнаў краіны партыйна-савецкія кадры, а таксама аператыўных супрацоўнікаў у колькасці 3800 чалавек, павялічыць войскі НКУС ды узмацніць партыйна-палітычную працу праз газеты, радыё ды кіно. Чытаючы даклад адчуваецца ўпэўненасць у тым, што яшчэ крыху даціснуць і ўсё, пачнецца спакойнае будаўніцтва савецкага жыцця ў заходніх абласцях УССР, ЛітССР і БССР. Але ж гэта было далёка не так і бравіраванне Берыі перад Сталіным, Молатавым, Малінковым сітуацыі не зменіць ажно да 1950-х гадоў. Канечне, наступныя гады будуць не такія маштабныя для антысавецкага падполля, але барацьба працягнецца і пасля смерці Сталіна. Ужо пасля даклада Лаўрэнція Паўлавіча. У ноч з 19-га на 20-е кастрычніка 1944 года антысавецкай групай ліквідаваны намеснік старшыні Дзівінскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Куманцаў. Праз суткі на дарозе Дзівін-Павіцце ў ходзе акцыі знішчаны мост праз Арэхаўскі канал.

26-га кастрычніка антысавецкая група ў вёсцы Новасёлкі Кобрынскага раёна захапіла ў палон сакратара Дзівінскага райвыканкама і сакратара сельскага савета, упаўнаважанага райвыканкама, чатырох памежнікаў. Пасля допыту ўсе расстраляныя.

На канец кастрычніка 1944 года сакратар Берасцейскага абласнога камітэта Кампартыі Міхаіл Тупіцын паведамляў старшыні Кампартыі БССР Панцеляймону Панамарэнка, што ў Дзвінскім раёне знішчаны ўсе новапабудаваныя масты, рэгулярна перарубаюцца лініі сувязі і штодня тэрарызуецца партыйна-савецкі актыў. Батальён аховы ў колькасці 250 жаўнераў не можа паўплываць на сітуацыю, бо антысавецкі атрад, які актывізаваўся, налічвае 800 чалавек.

7 лістапада ў Антопальскім раёне знішчаны будынак Асіповіцкага сельскага савета, папярэдне падпольшчыкі забралі ўсе дакументы, пячаткі, бланкі і архіў. У тым жа раёне, але ўжо 11 лістапада, знішчаны будынак Дземідаўскага сельскага савета.

Лістапад 1944 года стане асабліва крывавым у Берасцейскай і Пінскай вобласці. Пачнуцца баі за Дняпроўска-Бугскі канал і шэраг гідразбудаванняў, але пра гэта пазней…

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]