Біскуп Алег Буткевіч: Касцёл не можа заставацца абыякавым



Касцёл не можа заставацца абыякавым у святле падзей, якія адбываюцца ў грамадстве, – заявіў кіраўнік Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у інтэрв’ю для міжнароднай арганізацыі “Дапамога касцёлу ў патрэбе”.

„Сённяшняя сітуацыя — гэта яшчэ адна нагода для таго, каб больш старанна маліцца, а ў многіх выпадках таксама для таго, каб пераасэнсаваць свае адносіны да Бога і да іншых людзей…”, — падкрэсліў кіраўнік беларускага біскупства.

Ён падкрэсліў, што сёння Беларусь „ужо атрымлівае падтрымку паўсюднага касцёла, асабліва малітвы вялікай колькасці манаскіх супольнасцяў, кангрэгацый, парафій і паасобных вернікаў”. 

Мы шчыра ўдзячныя за малітвы і за памяць Яго Святасці Папу Францішку, які заклапочаны тым, што адбываецца ў нашай краіне.

Гэтае духоўнае адзінства — галоўная падтрымка для нас у цяперашняй сітуацыі. Прадстаўніцтва Святога Пасаду ў Беларусі стараецца дыпламатычным шляхам дапамагаць жыхарам у гэтыя цяжкія часы знайсці мірнае выйсце з крызісу ў нашай краіне і станоўча ўплываць на яе становішча ў міжнароднай супольнасці”, – адзначыў біскуп Алег Буткевіч.