Бітва за ўраджай — учора і сёння



У Беларусі пачаўся традыцыйны і адказны этап для аграрыяў краіны – уборачная кампанія.

Гэта цэлае спаборніцтва, пачынаючы ад асобных калектываў да цэлых рэгіёнаў, кожны з якіх мае намер перад дзяржавай паказаць лепшы вынік кампаніі. Зноў грамадзян чакаюць “гарачыя” паведамленні пра бітву з палёў за ўраджай-2017 і выніковае свята хлебаробаў у кожным раёне.

Штогод аграрыі маюць канкрэтны план, прынамсі сабраць не меней, чым летась. Вось сёлета плануюць нарыхтаваць каля 1 мільёна тон бульбы і недзе 9 мільёнаў тон зерневых культур. Канечне, галоўнае гэта хлеб. Міністэрства сельскай гаспадаркі запэўнівае, што ў Беларусі заўжды хапае аб’ёму харчовага зерня, каб задаволіць унутраныя патрэбы, а то яшчэ можам і ў замежжа прадаць.

Для Беларусі аграрны сектар быў заўжды галоўным у жыццядзейнасці. Усё ж са старажытных часоў краіна трымалася на сельскай гаспадарцы, што натуральна і аніяк не сорамна. Напрыклад у 1918 годзе прэм’ер-міністар БНР Раман Скірмунт прасоўваў праект пабудовы Беларусі, як паспяховай аграрнай краіны Еўропы. Палітык быў перакананы ў неабходнасці выкарыстання зямельнага патэнцыялу Беларусі, актыўнага развіцця гэтай галіны прамысловасці. Лічыў, што трэба сыходзіць з тых багаццяў, якія маем. У ажыццяўленні сельскагаспадарчых перабудоў Скірмунт спадзяваўся на падтрымку заходніх краін і іх тэхналогій.

Доўгая дарога праз поле, вёска Кнубава, Пінскі раён. 1934 год, Луіза Арнер Бойд

Напярэдадні бітвы за ўраджай-2017 улады паведамілі, што 95% тэхнікі гатовыя да працы ў арганізацыях. Канечне, цяпер людзі спадзяюцца толькі на тэхніку і як кажуць, каб надвор’е спрыяла. Хаця ў некаторых раёнах засталіся аграномы «старой закваскі», якія калі не арыентуюцца цалкам на прыкметы і звычаі, то ўсё ж трохі прыслухоўваюцца. Недзе ладзяцца нават «зажынкі» перад пачаткам працы ў полі. Безумоўна, гэта хутчэй мае сімвалічнае значэнне, даніна традыцыям, чым сапраўдная вера.

Нейкае стагоддзе таму ўсё было зусім інакш. Да ўрадлівага лета рыхтаваліся са студзёнай зімы. Вось напрыклад, як гэта было на Пінскім Палессі:

(…)  Ураджай на хлеб для простага чалавека галоўная ўмова яго дабрабыту. Таму не правядзе ён плугам першай баразны на ніве, ня сажне першага снапа, без вядомага яму абраду або павер’я.

Адпраўляючыся вясною араць зямлю або, як пінчукі кажуць, ламаць зямлю, ён бярэ з сабой грамнічную свечку, (свечка асвечаная 2 лютага на Грамніцы), благавешчанскую прасфору і булку хлеба, выпечанага на крыжапаклонным тыдні з крыжам наверсе. Першы дзень ён працуе ў полі не ўвесь, а карае адзін загон і вяртаецца дамоў. Толькі правядзе адну баразну, як спяшаецца да першага вала або каню і ўдарыўшы жывёлу ў лоб, кажа: «Нэхай дасть Бог здоровэ і сілу тобэ». Прасфора, булачка, хлеб і свечка ляжаць у гэты час на ніве і вярнуўшыся дадому, ён з’ядае са сваёй сям’ёй прасфору і булачку.

Сеяць выязджаюць таксама ў першы раз толькі для аднаго загону. Засейваюць звычайна тым жытам, якое выбіраюць з вянка пасля дажынак і асвячалі ў царкве ў дзень Успення Найсвяцейшай Багародзіцы. Выязджаюць звычайна не еўшы з ранку ў пятніцу, лічачы гэты дзень шчаслівым. Першую жменю засеву пінчук кідае леваю рукою. Вянок ён закопвае ў канцы загона, разам з вараным яйкам, якое ён у суботу бярэ з зямлі і, вярнуўшыся дадому пасля працы, з’ядае са сваёй сям’ёй, – занатаваў у 1870-я гады праваслаўны святар Дзмітрый Булгакоўскі.

Застаецца пажадаць аграрыям плённай працы, а завершым старажытнай паляшуцкай прымаўкай: «Хліб, соль йішь, правду ріж і одного Бога бойса».

Хлеб, выпечаны на капусным лісце, вёска Кудрычы, Пінскі раён. 1934 год, Луіза Арнер Бойд

Беларускае Радыё Рацыя