Біяметрычныя пашпарты ў Беларусі пачнуць выдаваць у 2019 годзе



Планаваная да ўкаранення ў Беларусі ID-карта ў перспектыве можа замяніць беларусам усе дакументы, якія сведчаць асобу. Пра гэта паведаміў 14 верасня журналістам першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шадко.

„ID-карта — гэта па сутнасці беларускі электронны пашпарт, які будзе носьбітам электроннага лічбавага подпісу і ў перспектыве заменіць усе дакументы, якія сведчаць асобу. ID-карты таксама будуць выкарыстоўвацца, каб чалавек мог атрымліваць просты доступ да дзяржаўных электронных паслуг”, — растлумачыў Шадко.

Паводле яго слоў, у Мінсувязі таксама вялікія планы па лічбавізацыі адукацыі і аховы здароўя, укараненні дзяржаўных электронных паслуг. Акрамя таго, намеснік міністра анансаваў пераход на фармат HD-вяшчання агульнанацыянальных каналаў.

Плануецца, што біяметрычныя пашпарты і ID-карты ў Беларусі пачнуць выдаваць 1 студзеня 2019 года. Мяркуецца, што ID-карта стане яшчэ адным дакументам, які сведчыць асобу, ёю можна будзе свабодна карыстацца ўнутры краіны, а пашпарт спатрэбіцца толькі для паездак за мяжу. Пры гэтым не будзе патрэбна адразу мяняць пашпарты на новыя, першы час будуць дзейнічаць абодва пашпарты — і звычайны, і біяметрычны.

belapan.by