Бізнэсоўцу, які абяцаў перамагчы на выбарах Лукашэнку, далі 6 гадоў калоніі



63-гадовага Уладзіміра Мунякіна абвінавачвалі ў махлярстве ў асабліва буйных памерах. Уладзімір Мунякін асоба ў Віцебску дастаткова вядомая. Ён некалькі разоў анансаваў розныя амбіцыйныя праекты, аднак усе яны не атрымалі развіцця, паколькі былі ад пачатку ўтапічныя. На YouTube Мунякін вёў канал «Сацыяльная бяспека» з вялікай колькасцю падпісчыкаў. Цяпер гэты канал заблакаваны.

У 2020 годзе ў відэароліках Мунякін абяцаў прыняць актыўны ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах і нават збіраў грошы на кампанію. Паводле прэс-службы МУС, Мунякін «распавядаў у сваіх роліках, што зʼяўляецца ці не галоўным канкурэнтам дзейнага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Але ў пачатку снежня 2020 года ГУБАЗіК паведаміў, што Мунякін затрыманы на запыт беларускіх уладаў расейскай паліцыяй у горадзе Ліскі Варонежскай вобласці. Неўзабаве ён быў экстрадаваны ў Беларусь. Мунякіну вынесены прысуд. Паводле канчатковага абвінавачання, ён махлярскім чынам завалодаў маёмасцю 124 пацярпелых на агульную суму 14 з паловай мільёнаў рублёў. У выніку суд Віцебскага раёна прысудзіў бізнэсоўцу 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у 150 базавых велічынь.