БХК бароніць працоўныя правы цыганоў



Гомельскія праваабаронцы наведалі цыганскую абшчыну ў пасёлку Бальшавік. Прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага Камітэта распавялі цыганам пра магчымыя шляхі абароны іх правоў і раздалі праваабарончую літаратуру. 

Сярод найбольш вострых праблем цыганскай дыяспары — татальнае беспрацоўе.

Жыхар Бальшавіка Ігар некалькі месяцаў не можа ўладкавацца на працу менавіта па прычыне цыганскай нацыянальнасці:

– У Менскай вобласці, дзе я жыў, я працаваў у калгасе, пасля скарацілі і ўсё, пасля гэтага не бяруць. Я ездзіў па Расеі па шабашках, прыеду, папрацаваў, кінулі, без капейкі прыехаў. Вось табе і праца.

Сябра БХК Віктар Адзіночанка заўважае, што беларуская дзяржава фактычна адасобілася ад праблем цыганскай дыяспары:

– Тыя праблемы, якія ёсць у нашым грамадстве, яны перш за ўсё адбіваюцца на найменш абароненых людзях. Калі мы размаўлялі з больш старэйшымі людзьмі, яны кажуць, што раней было лягчэй, была праца, была магчымасць зарабіць, магчымасць атрымаць дакументы і гэтак далей. Цяпер імі проста ніхто не займаецца.

Прадстаўнікі гомельскай філіі БХК намераныя і далей дапамагаць цыганскай абшчыне. У планах праваабаронцаў — падрыхтоўка лідараў ромскай нацыянальнасці, якія маглі б паспрыяць інтэграцыі цыганоў у беларускае грамадстве.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель