БХК заклікаў пракуратуры Менска і Берасця адмяніць абмежаванні на перадачы арыштантам



Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК) звярнуўся ў пракуратуры Менска і Берасця з заклікам адмяніць абмежаванні на прыём перадач для тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт, а таксама праверыць умовы іх утрымання, паведамляецца на сайце праваабарончай арганізацыі.

З адкрытых крыніц БХК стала вядома, што ў сувязі з COVID-19 перадачы для людзей, якія знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання і цэнтры ізаляцыі парушальнікаў Менгарвыканкама, прымаюць толькі раз на тыдзень — па чацвяргах (з 10.00 да 17.00).

„Паводле шматлікіх сведчанняў людзей, якія ўтрымліваліся ў названых установах, вядома таксама аб тым, што прынятыя ад сваякоў па чацвяргах перадачы адміністрацыйна затрыманым і асобам, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, у камеры фактычна не перадаюцца. Пасля вызвалення з ЦІП, ІЧУ названым асобам аддаюць перадачы, настойліва прапануючы падпісаць дакумент аб тым, што яны атрымалі іх своечасова”, — гаворыцца ў паведамленні.

„Таксама вядома, што з 5 ліпеня 2021 года „ў сувязі з выкананнем эпідэміялагічных мерапрыемстваў па захворванні на каронавірусную інфекцыю” часова не ажыццяўляецца прыём перадач для затрыманых і людзей, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, у ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця”, — адзначылі праваабаронцы.

У БХК звярнулі ўвагу, што ні адзін нарматыўны прававы акт не ўтрымлівае фармулёўкі „ў мэтах арганізацыі бяспекі і змяншэння рызык, звязаных з распаўсюджваннем на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь COVID-19”, у якасці падставы для абмежавання або забароны на перадачы. Такім чынам, перакананыя ў арганізацыі, „рашэнне аб абмежаванні/забароне прыёму перадач падлягае адмене, бо яно не мае законных падстаў”.

„Абмежаванне/забарона прыёму перадач не з`яўляецца мерай, адэкватнай заяўленай мэце, затое непрапарцыйна пагаршае становішча адміністрацыйна затрыманых і людзей, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, — мяркуюць праваабаронцы. — Меру ў гэтым выпадку трэба разглядаць як скіраваную выключна на прычыненне адміністрацыйна арыштаванаму (затрыманаму) чалавеку маральных і фізічных пакут, што недапушчальна”.

„Мера не ўлічвае правы людзей, якія з пэўных меркаванняў адмаўляюцца ад ужывання ў ежу асобных прадуктаў харчавання або іх кампанентаў (напрыклад малочнага і жывёльнага паходжання), а таксама тых, каму ўжыванне пэўных прадуктаў проціпаказанае медыкамі”, — гаворыцца ў паведамленні.

У БХК адзначылі, што выкананне санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў па мінімізацыі рызыкі распаўсюджвання COVID-19 у ізалятарах кантралююць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі дэпартамента фінансаў і тылу МУС. „Разам з тым, наколькі нам вядома, забарона на прыём перадач у мэтах выканання санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў дэпартаментам фінансаў і тылу не ўводзілася”, — адзначылі праваабаронцы.

БелаПАН