БХК заклікаў жодзінскі ІЧУ тэрмінова аднавіць прыём перадач



Беларускі Хельсінкскі камітэт накіраваў у жодзінскі ізалятар часовага ўтрымання запыт, у якім заклікаў тэрмінова аднавіць прыём перадач для затрыманых і тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт, а таксама даць інфармацыю аб мерах, якія прымаюцца ў ізалятары для барацьбы з распаўсюджваннем COVID-19, акрамя адмены перадач. Копія звароту апублікаваная на сайце БХК.

Камітэт, у прыватнасці, просіць паведаміць, ці выдаюцца ў ІЧУ, у тым ліку супрацоўнікам, сродкі індывідуальнай абароны (маскі, пальчаткі і інш.); як часта праводзіцца дэзынфекцыя памяшканняў і якімі сродкамі, ці бяспечныя яны; як часта арганізуецца праветрыванне камер; ці змянілася харчаванне і рэжым піцця затрыманых і тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт; якім чынам арганізавана праверка людзей, якія паступаюць, на наяўнасць інфекцыі COVID-19; якія меры прымаюцца ў дачыненні да затрыманых і тых, хто адбывае арышт, у выпадку выяўлення ў іх прыкмет COVID-19.

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што прыпыненне прыёму перадач „з’яўляецца незаконным і неабгрунтаваным абмежаваннем правоў затрыманых і адміністрацыйна арыштаваных”, а сама мера „не адэкватная заяўленай мэце”.

27 студзеня ІЧУ прыпыніў прыём перадач для затрыманых і тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт, патлумачыўшы гэта жаданнем зменшыць рызыкі распаўсюджвання COVID-19. Пасля гэтага БХК звярнуўся ў пракуратуру з просьбай прыняць меры пракурорскага рэагавання па адмене гэтага абмежавання.

belapan.by

Фота: svaboda.org