Блогер Аляксандр Кабанаў арыштаваны на 15 сутак



Суд Берасцейскага раёна 17 чэрвеня прызнаў жыхара Бярозы блогера Аляксандра Кабанава (прадстаўніка штаба прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Святланы Ціханоўскай) вінаватым паводле ч. 3 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года) і прызначыў пакаранне ў выглядзе 15 дзён адміністрацыйнага арышту, паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які прысутнічаў на судовым пасяджэнні.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Кабанава ў Берасці 15 чэрвеня прыблізна ў 16.00, калі той ішоў з паліклінікі. Яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС, адкуль 16 чэрвеня даставілі ў суд.

„У гэты дзень у судзе ўводзілі ў зман аб часе разгляду справы Кабанава нават яго адваката, які з-за гэтага 16 чэрвеня не змог удзельнічаць у працэсе”, — сказаў праваабаронца.

Толькі ў другой палове дня 16 чэрвеня ўдалося даведацца ў судзе, што пасля хадайніцтва Кабанава, якое было задаволенае, пасяджэнне працягнецца 17 чэрвеня ў 16.30. Блогера з суда зноў павезлі ў ІЧУ.

Паводле слоў праваабаронцы, Кабанава судзілі за тое, што ў маі ў відэароліку „На чым трымаецца ўлада Лукашэнкі” праекта „Народны рэпарцёр” на YouTube ён рэзка раскрытыкаваў кіраўніка дзяржавы, а таксама дзеянні праваахоўных органаў, якія затрымліваюць актывістаў, і заклікаў людзей у знак пратэсту ў нядзелю выходзіць на плошчу ў сваіх гарадах карміць галубоў.

„Мяркую, што арышт Кабанава звязаны з запланаваным візітам у наш горад кіраўніка дзяржавы. Не выключаю, што затрыманні актывістаў працягнуцца, каб яны не „сапсавалі” прыгожай карцінкі”, — заявіў Вялічкін.

20 красавіка судом Ленінскага раёна Брэста Кабанаў быў арыштаваны на 15 сутак. Блогера судзілі за ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, якая прайшла 12 красавіка ў абласным цэнтры.

9 мая Кабанава шпіталізавалі ў Брэсцкую гарадскую цэнтральную бальніцу, дзе ў яго быў выяўлены каранавірус. 1 чэрвеня блогера выпісалі з бальніцы, і ён знаходзіўся на самаізаляцыі.

belapan.by