Блогер Сяргей Пятрухін рыхтуецца да суду па крымінальнай справе



Берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін рыхтуецца да суду па крымінальнай справе, узбуджанай супраць яго.

Вінавацяць відэажурналіста, які ў тым ліку асвятляе пратэсты супраць небяспечнага акумулятарнага завода і злачынствы сілавікоў, у „паклёпе” і „абразе” супрацоўнікаў міліцыі. „Справа вядзецца ўжо больш за паўгода”, – распавядае сам Сяргей:

– Узбуджаная крымінальная справа. Арыштавалі маёмасць. І правялі ўсё ў рамках заканаўства. Абраза і паклёп – гэта два пункты ў адной справе. Мне мой следчы прызначыў псіхіятрычную экспертызу… Справа ў тым, што я раблю сваю працу. Я паказваю людзям рэчаіснасць. Я гэта і буду працягваць рабіць. А такім чынам «наехаць» на мяне… Я ведаю толькі адно, што яны могуць усё зрабіць беспакарана. Вось гэта крыху напружвае. У іх мэта такая – «заткнуць» мяне. Можа прысадзіць. Але калі пасадзяць, можа так будзе і лепей.

Судовыя слуханні па крымінальнай справе пачнуцца 9 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Берасця. Па артыкуле 188-м Крымінальнага кодэксу Беларусі „Паклёп” – у 09.45, а па артыкуле 189-м „Абраза” – у 14:00 адпаведна. Пазоўнікам выступае ўчастковы Ленінскага РАУС Берасця Сяргей Ігнацюк. Пятрухін лічыць справу палітычна матываванай і заклікае людзей прыйсці падтрымаць яго, бо ён плануе паказаць суду і грамадзянам „сюрпрызы”.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.