Блогера Максіма Філіповіча будуць судзіць чацвёрты раз (абноўлена)



Гомельскага відэаблогера Максіма Філіповіча могуць выпусціць на волю 5-га красавіка. Пра гэта паведамляе ягоная жонка Юлія ў сацыяльных сетках. Суддзя Савецкага раённага суда Гомеля Алена Шайн у пастанове пазначыла пачаткам сямідзённага арышту за акцыю ў Маладэчне не 31-га сакавіка, а 29-га. Гэта значыць, тэрмін арышту скараціўся на двое сутак. Праваабаронца Леанід Судаленка заўважае, што ўлада намагаецца запалохаць блогера максімальна:

– Максім – гэта новы чалавек у палітычным і грамадскім жыцці. Канешне, першае, што кідаецца ў вочы, гэта тое, што ўлада хоча яго запалохаць максімальна, каб ён ужо ніколі не мог з’яўляцца  ў адкрытых інфармацыйных прасторах, каб ён не мог казаць праўду і рабіць тое, што рабіў да гэтага. Але, я думаю, што ўлада памыляецца, і  праўду не схаваеш.

Максім Філіповіч адбывае пакаранне ў гомельскім ізалятары з 13 сакавіка. Ён быў змешчаны пад варту за ўдзел у „Маршах недармаедаў” у Гомелі, Берасці, Маладэчне. Неўзабаве яго чакае суд за аналагічную акцыю ў Пінску. 

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

* * * 

Вядомага гомельскага відэаблогера Максіма Філіповіча, які з 13 сакавіка адбывае ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) 13-ці, 5-ці і 7-мі сутачныя арышты за ўдзел у так званых акцыях пратэстаў дармаедаў, будуць судзіць зноў — гэтым разам за ўдзел у акцыі ў Пінску 11 сакавіка.

Пра гэта паведамляе праваабаронца Леанід Судаленка, які праз адваката даведаўся, што Максіму ў камеру прынеслі яшчэ адзін, ужо чацьверты адміністрацыйны пратакол. Суд можа адбыцца ў любы дзень тэрміну зняволення Філіповіча. Калі суд не пакарае відэаблогера чарговым арыштам, то ён павінен вызваліцца 7 красавіка прыблізна ў 20.50.

Затрыманы ўвечары 13 сакавіка ў бацькоўскай хаце Філіповіч знаходзіцца ў ІЧУ на Міжгародняй, 26 у Гомелі. Раніцай 13 сакавіка Філіповіч быў асуджаны на 13 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі дармаедаў у Гомелі. Падчас адбыцця пакарання на яго склалі яшчэ тры пратаколы, за ўдзел у акцыях дармаедаў у Брэсце, Маладзечна і Пінску. За Брэст і Маладзечна суд дабавіў яму яшчэ 5 і 7 сутак адпаведна, пратакол за Пінск пакуль застаецца не разгледжаны.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які займаецца справамі Максіма Філіповіча кажа, што заканадаўства абмяжоўвае максімальны адміністрацыйны арышт 25 суткамі, якія Максім адбудзе 7 красавіка прыблізна каля 21. 00. Але практыка ведае выпадкі, калі чалавека выпускалі на некалькі хвілін, а потым зноў арыштоўвалі і прад’яўлялі новыя абвінавачванні.

spring96.org