Блогера Vadimati пачнуць судзіць 14 снежня



У Шчучынскім раённым судзе 14 снежня будуць судзіць блогера Vadimati — Вадзіма Ермашука, паведамляе БАЖ.

Вадзім Ермашук. Фота з з Instagram

Блогера Vadimati (Вадзіма Ермашука) пачнуць судзіць у 9.30 14 снежня ў Шчучынскім раённым судзе. Вадзіма Ермашука будуць судзіць за «абразу прэзідэнта» (368 КК) і «здзек з дзяржаўных сімвалаў» (370 КК).

Vadimati затрымалі 16 жніўня, на наступны дзень дома правялі агляд, а 18 жніўня пачалі судзіць. Тады з Гродна яго прыехалі падтрымаць некалькі дзясяткаў чалавек.

19 жніўня Vadimati асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту ў Шчучынскім раённым судзе. Яго судзіў суддзя Дзмітрый Цівунчык паводле арт 24.23 КаАП за нібыта заклікі прыехаць на спартовае масавае мерапрыемства — на скейт-пляцоўку ў Шчучыне.

19 жніўня каля 13.30 у стрыечнай сястры блогера Вадзіма Ермашука Наталлі Рубец пачаўся ператрус. У сілавікоў была пастанова на ператрус у рамках крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Новы суд над блогерам пачаўся 8 верасня. У пасяджэнні абвясцілі перапынак да наступнага дня ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем падсуднага: у яго была тэмпература і падвышаны ціск. Напярэдадні яму выклікалі хуткую, распавяла знаёмая Вадзіма Ермашука.

9 верасня яго асудзілі яшчэ на 15 сутак. Прычынай новага пратаколу нібыта стаў ягоны званок у службу «115» 13 жніўня і нецэнзурныя выказванні з нагоды ЖКГ і гарвыканкама.

16 верасня стала вядома, што Вадзім Ермашук праходзіць падазраваным па двух справах па арт. 368 КК — «абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 370 КК «здзек з дзяржаўных сімвалаў».

Вадзім Ермашук — Instagram-блогер і прадавец на рынку „Карона” ў Гародні. Актыўна займаецца рэкламай мясцовага бізнесу. Вадзім выказваўся супраць гвалту, падтрымліваў палітвязняў і наведваў суды па „палітычных” працэсах. Называў сябе „народным дэпутатам” і здымаў у гэтым вобразе відэа.