БНТУ скароціць тэрмін навучання студэнтаў



У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце з наступнага навучальнага года скароцяць тэрмін навучання па большасці спецыяльнасцяў.

Як паведаміў першы прарэктар БНТУ Георгій Вяршына, скарачэнні тэрмінаў навучання не закрануць 14 спецыяльнасцяў, у тым ліку звязаных з горнай справай, атамнай энергетыкай.

„Што тычыцца тэхналагічнага, эканамічнага, бізнес-кірункаў, то навучальныя планы перапрацоўваюцца. Ужо з наступнага года тэрмін навучання на спецыяльнасцях гэтых профіляў стане менш. Такая магчымасць маецца з улікам укаранення ў навучальны працэс інфармацыйных, лічбавых тэхналогій”, – сказаў першы прарэктар.

Як паведамлялася, у пачатку гэтага года міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас размовы з журналістамі анансаваў скарачэнне тэрмінаў навучання па некаторых спецыяльнасцях ва ўстановах вышэйшай адукацыі. У Беларусі ўжо практыкуецца падрыхтоўка спецыялістаў на працягу 4-4,5 года. Але, як адзначаў міністр, ёсць яшчэ каля 50 спецыяльнасцяў, дзе можна прадугледзець пераход на такі ж тэрмін навучання.

belta.by