Больш за 200 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода зноў прайшлі па цэнтры Берасця



На плошчы Леніна ў Берасці апоўдні 16 чэрвеня зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Паводле ацэнкі праваабаронцы Рамана Кісляка, на плошчу прыйшло больш за 200 чалавек. Такія сустрэчы адбываюцца тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Супрацоўнік міліцыі праз мегафон папярэджваў прысутных аб недапушчальнасці парушэння парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства.

„На плошчы пекла — 33 градуса ў ценю. Нягледзячы на гэта, людзі прыйшлі, што пацвярджае іх рашучасць закрыць завод”, — лічыць Кісляк.

Паводле яго слоў, у людзей зараз узнёслы настрой, бо з’явілася надзея на закрыццё завода. „Хуткасць руху да мэты павялічылася ў некалькі разоў”, — заявіў БелаПАН актывіст Аляксандр Абляк.

На плошчы прысутныя абмеркавалі рашэнне Берасцейскага аблвыканкама прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага завода „да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”. Адпаведнае распараджэнне кіраўніка вобласці Анатоля Ліса аблвыканкам апублікаваў 14 чэрвеня.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая доўжылася прыкладна да 12.45, праціўнікі завода прайшлі па цэнтральных вуліцах — Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра „Беларусь” і ў 13.20 разышліся.

Затрыманняў не было. На плошчы Леніна знаходзілася больш за 10 супрацоўнікаў міліцыі ў форме і цывільным. Некаторыя здымалі сустрэчу і шэсце на відэакамеры.

12 чэрвеня група праціўнікаў прадпрыемства сустрэлася з кіраўніком вобласці. Паводле слоў Рамана Кісляка, падчас сустрэчы актывісты абвясцілі шэраг выяўленых імі парушэнняў пры праектаванні і будаўніцтве акумулятарнага завода. Кіраўнік вобласці паабяцаў, што гэтыя факты будуць правераныя на працягу тыдня, і калі парушэнні пацвердзяцца, то завод працаваць не будзе.

Актывісты заявілі пра намер працягнуць нядзельныя сустрэчы на плошчы Леніна і дзяжурства ля завода.

belapan.by