Больш за 6000 хрысціян Беларусі запатрабавалі ад уладаў аднавіць законнасць у краіне



Хрысціяне ўсіх канфесій з розных рэгіёнаў Беларусі звярнуліся да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў з патрабаваннямі: спыніць гвалт, аднавіць законнасць і правесці новыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

Сярод падпісантаў – 96 святароў.

– Свядомае скажэнне інфармацыі аб выніках галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 года, ілжывыя сведчанні ў судах, дэзінфармацыя ў СМІ, заведама неправасудныя рашэнні – гэта не толькі парушэнне законаў Рэспублікі Беларусь, але і цяжкі грэх. Не хлусі, не кажы фальшывых сведчанняў – гэта Божая запаведзь, – адзначаюць аўтары звароту.

На думку тых, хто падпісаўся, „ужыванне зброі сілавымі структурамі Беларусі, якое прывяло да гібелі мірных грамадзян, катаванні і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў перавялі палітычнае супрацьстаянне ў маральна-этычную плоскасць. Падтрымліваць незаконныя дзеянні ўладаў амаральна”.

Сярод тых, хто падпісаў Адкрыты ліст хрысціян Беларусі 96 святароў праваслаўных, каталіцкіх, пратэстанцкіх і грэка-каталіцкіх цэркваў, а таксама больш за 320 розных царкоўных служыцеляў (дыяканаў і інш.) Адкрыты ліст хрысціян падпісалі дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі, законнікі і законніцы, іканапісцы.

Тэкст Адкрытага ліста і спіс тых, хто падпісаў яго, размешчаны ў адкрытым доступе.

Збор подпісаў працягваецца. Пад Адкрытым лістом хрысціян Беларусі можна падпісацца па спасылцы.