Больш за 80 чальцоў арганізацыі „ПЭН-Масква” патрабуюць вызваліць Аляксандра Фядуту



 Больш за 80 чальцоў расейскай праваабарончай арганізацыі „ПЭН-Масква” і асацыяцыі „Свабоднае слова” выступілі з заявай, у якой запатрабавалі ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць Аляксандра Фядуту. Тэкст заявы апублікаваны на старонцы „Свабоднага слова” ў „Фэйсбуку”.

Падпісанты дакумент падкрэслілі: той факт, што Фядута — палітолаг, філолаг, тэатральны крытык і гісторык культуры — быў затрыманы КДБ Беларусі ў Маскве, накладае на іх „асаблівую адказнасць”.

Яны падкрэслілі, што ведаюць Фядуту як „аўтара шматлікіх кніг, артыкулаў і публікацый на важную тэму — узаемадзеяння культур Беларусі, Польшчы, Літвы і Расеі”.

„Падрыхтаваны ім зборнік успамінаў палякаў, якія жылі і служылі ў XIX стагоддзі ў Пецярбургу, праца аб польскіх ссыльных на Урале, даследаванні пра польскіх студэнтах у расійскіх універсітэтах, пра вобраз чытача ў літаратуры пушкінскай эпохі — усё гэта з’яўляецца значным укладам у навуку, — гаворыцца ў заяве. — Ён — адзін з нямногіх аўтараў, які піша сістэматычна аб сучаснай беларускай паэзіі і сучасным беларускім тэатры. Яго мемуарная кніга пра дзяцінства ў Гародні дазваляе гаварыць пра яго не толькі як пра вучонага і крытыка, але і як пра пісьменніка. Створанае ім выдавецтва „Лімарыус” апублікавала шэраг значных работ па філалогіі і інтэлектуальнай гісторыі і ажыццяўляе каментаваныя рэпублікацыі класічных твораў беларускіх і рускіх пісьменнікаў, даследчыкаў і мемуарыстаў”.

„Але мы таксама ведаем Аляксандра Фядуту як паслядоўнага крытыка аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які не хаваў сваёй пазіцыі і пасля жнівеньскіх выбараў 2020 года: „Улада мяняецца на выбарах. Мяркуючы па тым, што Аляксандр Лукашэнка гэтыя выбары не выйграў, і гэта прызнае абсалютная большасць беларускіх грамадзян, ён не з’яўляецца прэзідэнтам, а ўзурпатарам”, — адзначылі падпісанты дакумента.

Абвясціўшы пра арышт Фядуты, падкрэслілі яны, „беларускія сілавікі не паведамілі ні пра выстаўленыя яму абвінавачанні, ні пра абставіны яго затрымання”, а толькі спаслаліся на арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі (затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства).

Чальцы „ПЭН-Масква” і „Свабоднага слова”, якія падпісалі заяву, мяркуюць, што затрыманне Фядуты „мае выключна палітычны характар, з’яўляецца актам самавольства, чарговай спробай беларускіх уладаў весці „дыскусію” са сваімі апанентамі сілавымі метадамі”.

У Фядуты, звярнулі ўвагу яны, „даўнія праблемы са здароўем: ён пакутуе на дыябет і захворванні сэрца”. Знаходжанне пад вартай на працягу некалькіх месяцаў у 2010 годзе „стала для яго цяжкім выпрабаваннем”, таму „новы тэрмін можа ўяўляць сур’ёзную небяспеку для яго жыцця”.

„Асаблівую трывогу выклікае тое, што ў Беларусі разгортваецца новая хваля палітычных рэпрэсій. 12 красавіка затрыманы лідар Беларускага народнага фронту Рыгор Кастусёў. Учора стала вядома аб затрыманні ў Маскве беларускага адваката Юрыя Зянковіча. Цяпер ён знаходзіцца ў Менску, у СІЗА КДБ. Мы настойваем на неадкладным вызваленні Аляксандра Фядуты і ўсіх палітычных зняволеных, арыштаваных у 2020—2021 гадах. Выказваем падтрымку ўсім, хто ўдзельнічае ў негвалтоўных палітычных пратэстах у Беларусі, і верым у непазбежную перамогу дэмакратыі ў гэтай геаграфічна блізкай, гістарычна роднай, чалавечы дарагой для нас краіне”, — гаворыцца ў заяве.

12 красавіка жонка Фядуты Марына Шыбко паведаміла інтэрнэт-выданню nn.by, што ён перастаў выходзіць на сувязь з Масквы. Яна выказала здагадку, што Фядута мог трапіць у бальніцу, паколькі ў яго праблемы з сэрцам, але пры гэтым не выключыла выкрадання.

Пазней расейскае інфармагенцтва ТАСС са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што заява аб знікненні Фядуты было пададзеная ў Прэсненскі АУС Масквы.

13 красавіка дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА паведаміла, што КДБ пацвердзіў затрыманне Аляксандра Фядуты і Рыгора Кастусёва.

Варта адзначыць, што Фядута раней уваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі, у 1994 годзе быў яго прэс-сакратаром. У 2010 годзе ён уваходзіў у выбарчы штаб кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, быў затрыманы ў ліку іншых прадстаўнікоў апазіцыі і каля чатырох месяцаў правёў у СІЗА КДБ, а затым быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна.

belapan.by

[manual_related_posts]