Брат загінулага Мікіты Крыўцова запісаў відэазварот



Беларускі добраахвотнік Павел Крыўцоў, брат загінулага Мікіты Крыўцова, запісаў відэазварот.

– Жыве Беларусь! Мяне клічуць Павел. Я беларускі добраахвотнік, які ваяваў за Украіну ў расiйска-ўкраінскай вайне і родны брат павешанага беларускімі сілавікамі Мікіты Крыўцова. Таксама я адзiн з рэдактараў тэлеграм-канала Partyzan (https://t.me/by_partyzan).

Створаны канал быў з адной нагоды. Мы ўсе занадта шмат увагі надаем людзям, якія гэтага не заслугоўваюць і забываем пра сапраўдных беларускіх герояў.

Так званыя новыя кіраўнікі апазіцыі, як не мелі плана па ўзяццi ўлады, не маюць яго i цяпер. На працягу апошняга года яны толькі і робяць, што распавядаюць нам цудоўныя гісторыі пра тое, як з дня на дзень рэжым Лукашэнкі падзе. З апошняга цудоўнага: да траўня павінна скласціся сітуацыя пры якой прадстаўнікі ўлады пойдуць на перамовы з апазіцыяй. Замест таго, каб прадставіць план па зносе рэжыму Лукашэнкі, яны прапануюць беларусам спадзявацца на цуд. Хто з вамі будзе весці перамовы, калі намэнклятура ў Беларусі не з’яўляецца палітычным суб’ектам і любы, хто з вамі вырашыць весці нейкія там перамовы, адразу будзе пасаджаны? Хто з вамі будзе весці перамовы пра штосьці там, калі нават падчас знаходжання на вуліцах беларускіх гарадоў сотняў тысяч чалавек, гэтыя самыя перамовы з вамі ніхто не захацеў весці?

Але Бог з тымі людзьмі, якія мелі ўсе магчымасці, каб узяць у Беларусі ўладу, але рашучасці для гэтага ў сабе так і не знайшлі. Наш тэлеграм-канал пра людзей, якія як раз праявілі тую самую адвагу і рашучасць.

Падпісвайцеся на нас і ўсё будзе Беларусь!