Бронепрабег “Дарога мужнасці” дэманстраваў вайсковую тэхніку ў Бярозе



Чыноўнікі, дзеці з летніх школьных лагераў і невялікая колькасць гараджан сустрэлі каля парка воінаў-інтэрнацыяналістаў у Бярозе ўдзельнікаў бронепрабега “Дарога мужнасці”.

Ініцыятыва прабегу зыходзіла ад  Маскоўскага ваенна-патрыятычнага таварыства. Прыехалі 15 адзінак прыватнай тэхнікі часоў Другой сусветнай вайны. Сябры таварыства лічаць бронепрабег неабходным для патрыятычнага выхавання моладзі, – кажа адзін з удзельнікаў акцыі:

– Мы тут, каб нагадаць людзям пра вялікі подзвіг савецкага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны, і пра тое, што трэба помніць і не забываць, каб не дапусціць у далейшым паўтарэння такіх страшных войнаў. А таксама для таго, каб выклікаць у дзяцей цікавасць да ваеннай гісторыі, ваеннай тэхнікі і выхаваць іх сапраўднымі патрыётамі.

Як і заўсёды, дзеці стваралі “масоўку” на патрыятычным мерапрыемстве. Гэтым разам з летняга лагера блізкай ад месца сустрэчы сярэдняй школы №2. Дзеці падзяліліся думкамі, чаму яны, тут і як ім трэба сябе паводзіць:

– Мы ўбачылі ваенную тэхніку. Нават сфатаграфаваліся з аўтаматамі. Бо сёння дзень, калі пачалася вайна.

– Нам сказалі, што мусім сябе добра паводзіць – нельга смяяцца, балавацца.

Далучыліся да дэманстрацыі бронетэхнікі каля парка “афганцам” бярозаўскія ўдзельнікі новастворанага мясцовым ваенкаматам патрыятычнага клуба “Заходнія межы”.  Па словах аднаго з удзельнікаў, на бронепрабег выдаткавана немалая сума грошай. Па неафіцыйных дадзеных, выдаткі ўзялі напалову Расея і Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя