Брыгада хуткай дапамогі ў Мінску перасядзе на верталёт



Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Менска ў гэтым годзе плануецца перадаць функцыі па забеспячэнні працы верталётнай брыгады. Пра гэта паведаміў 8 лютага на прэс-канферэнцыі галоўны ўрач станцыі Аляксандр Жынко.

Як паведамлялася раней, у бягучым годзе ў Менску павінна быць уведзена верталётная пляцоўка. „Дзесьці ў раёне бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, – удакладніў Аляксандр Жынко. – І хутчэй за ўсё ў гэтым годзе функцыі брыгады, якая будзе лётаць пры неабходнасці, будуць перададзены нашай установе. Зараз гэтым займаецца Рэспубліканскі цэнтр экстраннай медыцынскай дапамогі”.

Па Беларусі выпадкаў, калі ёсць неабходнасць у такой дапамогі, няшмат, сказаў галоўны ўрач. Будаўніцтва спецыяльнай верталётнай пляцоўкі тлумачыцца вялікімі габарытамі верталёта, які выкарыстоўваецца медыкамі.

Кажучы пра іншыя аб’екты будаўніцтва, Аляксандр Жынко згадаў ўвод падстанцыі хуткай медыцынскай дапамогі па вул. Сыракомлі. Яе з’яўленне дазволіць павысіць аператыўнасць аказання экстранай медыцынскай дапамогі жыхарам бліжэйшых мікрараёнаў, у тым ліку за кошт абнаўлення аўтапарка машынамі з сучасным абсталяваннем.

zviazda.by